Напад на Белсат. Мэта – паралізаваць тэлеканал


Замест развязання праблемаў унутры краіны, Лукашэнка відавочна выбраў шлях расправы над тымі, хто паказвае гэтыя праблемы.

Ператрусы ды канфіскацыя тэхнікі з абодвух офісаў «Белсату» ў Менску

«Калі я падышла да падʼезду, міліцыянт запытаў: куды вы ідзяце? Я назвала нумар. Ён адказаў, што туды прапусціць не можа, бо там на дадзены момант адбываецца ператрус», – распавяла журналістка «Белсату» Кацярына Ткачэнка.

Аператар нашага тэлеканалу Алесь Любянчук трапіў у пастарунак

У апошнюю хвіліну з машыны без нумароў яму ўдалося паведаміць калегам, куды яго вязуць.

З месца працы журналістаў на офісе па вуліцы Кастрычніцкай пасля візіту міліцыі вынеслі ўсю кампʼютарную тэхніку.

Міліцыянты працавалі на падставе ордэраў пракуратуры

Фармальнаю прычынаю ператрусаў і канфіскацыяў стала нібыта незаконнае выкарыстанне «Белсатам» таварнага знаку. Аднак незалежныя журналісты ў такую версію адназначна не вераць.

«Гэта ўсё рабілася дзеля таго, каб паралізаваць працу тэлеканалу «Белсат». Мы ў гэтым пераканаліся. З офісу вынеслі нават маніторы. Маніторы – гэта ніякія не носьбіты, яны нікому непатрэбныя ні пры адным з вобшукаў», – тлумачыць Святлана Калінкіна, кіраўніца менскага офісу «Белсату».

Сённяшнія напады – гэта помста сілавікоў.

«Гэта, на жаль, наступства вельмі добрай працы нашых журналістаў цягам месяца пратэстаў у Беларусі. Гэта ўзнагарода за эфектыўнасць», – зазначыла Агнешка Рамашэўская-Гузы, дырэктарка тэлеканалу «Белсат»

Апошнія тыдні журналісты «Белсату» – ў цэнтры напружаных падзеяў

Маршы пратэстаў нязгодных, разгоны, арышты, несправядлівыя прысуды – за ўсім гэтым маглі назіраць гледачы дзякуючы нашым матэрыялам у інтэрнэце і на антэне. Адныя з першых пад ціск трапілі менавіта белсатаўцы. Збіццё, содні за кратамі, пагрозы і шантаж журналістаў «Белсату» аказаліся рэакцыяй уладаў на асвятленне апошніх падзеяў.

Менчукі падтрымліваюць тэлеканал

«Вы недзе набіраеце сілу, вас глядзяць, вы папулярныя. Хіба вы ідзяце правільным шляхам».

«Цяпер большую ролю гуляе не сіла, а сіла праўдзівай інфармацыі. »Белсат« дае абʼектыўную інфармацыю. Адсюль такая рэакцыя».

– упэўненыя жыхары беларускай сталіцы.

Страты хоць і значныя, але не фатальныя

«Дзевяць кампʼютараў – гэта дзевяць кампʼютараў, вельмі добрае абсталяванне. Я спадзяюся, што ўлады іх вернуць. Але канфіскацыя не спыніць працы »Белстату«. Тут няма чаго баяцца», – патлумачыла спадарыня Агнешка Рамашэўская-Гузы.

Справа вакол таварнага знаку цягнецца не першы год

Яна сталася прадметам судовых разбораў паміж нашым тэлеканалам і ўладальнікам фірмы «БЕЛСАТплюс» Андрэем Беляковым. Паводле яго, СМІ, якое транслюе з тэрыторыі Польшчы, парушае ягоныя бізнесовыя інтарэсы. Сёлета ён склаў чарговую скаргу.

Але толькі цяпер міліцыя пачала дзеяць

«Улады пастанавілі гэта выкарыстаць, каб захаваць хаця б імітацыю законных дзеянняў. Паводле іх, «Белсат» фармальна можна прыцягнуць да адказнасці за выкарыстоўванне таварнага знаку іншай фірмы. Але гэта абсурд, бо мы зарэгістраваныя ў Польшчы, а тая фірма, «БЕЛСАТплюс», зарэгістраваная ў Беларусі», – кажа Аляксей Дзікавіцкі, кіраўнік рэдакцыі інфармацыі.

Да таго ж фірму Белякова зарэгістравалі ў Беларусі ўжо пасля таго, як у польскіх і беларускіх медыях шырока разышлася інфармацыя пра стварэнне нашага тэлеканалу.

Журналісцкая супольнасць выказвае салідарнасць з «Белсатам»

«Мы звярнуліся да спецдакладчыка ААН. Мы кожны дзень рассылаем інфармацыю пра сітуацыю журналістаў у Беларусі. Пра сённяшні выпадак інфармацыя таксама пайшла», – заявіў Барыс Гарэцкі з прэс-службы БАЖ.

На сённяшнія падзеі ўжо адрэагавалі некаторыя бліжэйшыя суседзі Беларусі. Амбасадар Польшчы ў Менску заклікаў улады Беларусі неадкладна разабрацца з інцыдэнтам.

Ян Бабіцкі, «Белсат»