Наколькі трывалая сістэма ўлады «Назарбаеў плюс Такаеў»?


1 снежня ў Казахстане адзначалі дзень першага прэзідэнта – Нурсултана Назарбаева. Ягоным імем названыя вуліцы, вучэбныя ўстановы, аэрапорт і нават сталіца краіны. Адмыслоўца кажа, што апроч назваў, нягледзячы на сыход з пасады, Назарбаеў застаўся і ў палітычным жыцці краіны.

«Рашэнні ў краіне могуць прымаць толькі са згоды дзвюх асобаў. Нельга казаць, што нехта галоўны», – кажа алматынскі аналітык Віктар Каўтуноўскі.

Ён адзін з першых прадказаў сыход Назарбаева з пасады прэзідэнта за некалькі месяцаў да гэтага. Тады мала хто паверыў. Цяпер эксперт упэўнены, што ў краіне створаць падвоеную ўладу:

«Гэтая сістэма не вельмі стабільная, і я не ўпэўнены ў тым, што яна вытрымае правяранне на трываласць. Мне падаецца, што яна абавязкова павінная змяніцца ў нейкую больш стабільную форму. Або гэта будзе вяртанне да старой аўтарытарнай прэзідэнцкай вертыкалі, або гэта змяненне палітычнае сістэмы на карысць пашырэння кола персонаў, што ўплываюць на палітыку».

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Яшчэ сёлета ў чэрвені на канферэнцыі «30 гадоў лідарства» новы прэзідэнт Касым-Жамарт Такаеў не скупіўся на пахвалу ў бок Нурслултана Назарбаева:

«Нягледзячы на цяжкасці і крытыку, Нурсултан Абішэвіч ніколі не сыходзіў са шляху рэформаў, прымаючы на сябе адказнасць за стратэгічна важныя праекты. Да іх адносіцца і будаўніцтва новае сталіцы. Гэта эпахальнае рашэнне».

А ўжо праз паўгода, у дзень першага прэзідэнта, другі прэзідэнт абмежаваўся паштоўкай у сваім Twitter-акаўнце, суха павіншаваўшы грамадзянаў краіны.

Гэты год у Казахстане быў багаты на пратэсты. Улетку паліцыя разганяла мітынгі ў Алматы, Нур-Султане ды ў іншых гарадах. Змена прэзідэнта дала людзям спадзеў на магчымыя перамены.

«Народ ужо стаміўся за 30 гадоў. Ад гэтай хлуслівасці. Народ ужо не хоча быць дурнем. Моладзь хоча ініцыятыву праяўляць», – распавядае грамадскі актывіст Бакдаўлет Алібекаў.

Калі народ стаміўся, то чыноўнікі не стамляюцца раздаваць Назарбаеву пасады і статусы лакальнага і міжнароднага маштабаў. 29 лістапада ў Ташкенце на другой кансультатыўнай сустрэчы кіраўнікоў краінаў Цэнтральнае Азіі Назарбаеву надалі статус ганаровага старшыні.

Ігар Віняўскі belsat.eu

Фота: Pavel Aleksandrov / TASS / Forum