Нафты няма, рубель слабее


Беларусь хоча купляць нафту ў Расеі па сусветнай цане, але… на 15 адсоткаў танней. Без экспартнай мыты. Так сутнасць перамоваў з Масквой перадаў віцэ-прэм’ер Дзмітрый Крутой. Крэмль пастаўкі не аднавіў, альтэрнатыўнай нафты з іншых краінаў не хапае, і гэта адбілася не толькі на рэжыме перапрацоўчых заводаў.

2 рублі 19 капеек. Столькі сёння даюць за адзін долар ЗША. Старэйшы аналітык «Alpari», фінансіст Вадзім Іосуб канстатуе:

«Адсутнасць паставак нафты азначае ў сваю чаргу адсутнасць экспарту нафтапрадуктаў і, адпаведна, памяншэнне паступлення валюты ў краіну».

А таму і рубель слабее. Апошні раз так дорага амерыканская валюта каштавала чатыры гады таму. Сёння ж, каб напоўніць НПЗ, «Белнафтахім» пачаў забор тэхналагічнае нафты, неабходнай для нармальнага функцыянавання нафтаправоду «Дружба».

«Гэта як палезці ў лядоўню, забраць апошнія гуркі і памідоры», – мяркуе эканаміст Леанід Заіка, кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія».

Расейскай «Транснефти», якая не пастаўляе нам нафты ўжо другі месяц, пра гэткі крок паведамілі. У сваю чаргу віцэ-прэмʼер Дзмітрый Крутой растлумачыў, што меў на ўвазе афіцыйны Менск, гаворачы пра гатоўнасць купляць нафту за сусветную цану:

«Цяпер цана для нас на 17% ніжэйшая за сусветную, гэта толькі на памер экспартавага мыта. А калі мы мыта прыбярэм і возьмем чыстую цану паміж кампаніямі, то яна, па сутнасці, сусветная. А расейскія кампаніі нам гавораць: вы нам яшчэ прэміі заплаціце. То бок яны хочуць на нашым рынку зарабіць».

Рынкавыя ж законы ў дачыненнях Масквы і Менску не працуюць, кажа палітолаг Валер Карбалевіч. Дзеля расейскіх прэферэнцыяў улады ўсе мінулыя гады сведчылі сваю адданасць Маскве:

«І прысутнасць вайсковая расейская, і дамінаванне тут расейскіх тэлеканалаў, інфармацыйная прастора Расеі. Тут і дамінаванне расейскае мовы, і факт палітычнага саюзніцтва – што Беларусь знаходзіцца ў інтэграцыйных абʼяднаннях, якія стварыла Расея».

На думку эканаміста Леаніда Заікі, завязванне на расейскую нафту…

«…памылка, якая прывяла да таго, што беларусаў пасадзілі на наркотык, цяпер адымаюць гэты наркотык, і тут пачынаюць верашчаць. Хлопцы, усё, хопіць нафтавага пракляцця!»

Чэргі ў абменнікі, чэргі ў крамы. Гэтак было ў 2011 годзе. Тады нацыянальная валюта двойчы абрыналася больш як на 50%. Ці здольны існы крызіс з нафтаю прывесці да падобнага абвастрэння?

«Найбольш верагодна, што валюта бліжэйшым часам будзе даражэць, але будзе рабіць гэта паступова, без нейкіх скачкоў», – зазначае Вадзім Іосуб.

Да таго ж акурат сёлета запланавалі прэзідэнцкія выбары, а зацверджаны бюджэт і так мае дэфіцыт амаль мільярд рублёў. Валер Карбалевіч зазначае:

«Зразумела, улады будуць спрабаваць неяк утрымаць сітуацыю. Але ці ўдасца? Да прэзідэнцкіх выбараў Лукашэнка падыходзіць не ў найлепшым стане».

На думку палітолага, існая сітуацыя пагражае не ўпадкам эканомікі, але стагнацыяй і захаваннем цяперашняга ўзроўню жыцця.

Вітаўт Сіўчык belsat

Фота: Shannon Stapleton / Reuters / Forum