Нафта паедзе ў Беларусь цягнікамі?


Быў танкер з Венесуэлы, цяпер імаверна будуць вагоны з Казахстану. Беларусь збіраецца імпартаваць нафту з Сярэдняй Азіі. Пра гэта заявілі ў «Белнафтахіме». Ці дапаможа гэта Беларусі стаць больш незалежнай ад Расеі? І чаму ранейшыя спробы знайсці нерасейскую нафту скончваліся правалам?

«Па пастаўках казахстанскае нафты ў Беларусь. Я думаю, мы гэтае пытанне можам вырашыць», – заявіў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка (23.05.2019).

І пытанне амаль вырашылі. У наступным месяцы Лукашэнка збіраецца наведаць Казахстан, дзе плануе падпісаць пагадненне пра імпарт нафты і нафтапрадуктаў. Пра гэта паведаміў намеснік старшыні «Белнафтахіму» Уладзімір Сізоў. Адначасова даследуюцца магчымасці імпарту з іншых краінаў:

«Маршруты нам зразумелыя і вядомыя, яны практычна адпрацаваныя – і праз парты Балтыйскага мора, і Чорнага мора. З Казахстану можа быць арганізаваная пастаўка трубаправодным і чыгуначным транспартам».

У той жа ж час віцэ-міністр энергетыкі Казахстану Эсеет Магаўаў сцвердзіў, што пагадненне аб пастаўках наўрад ці паспеюць падпісаць у кастрычніку. У Нур-Султане асцерагаюцца, што Беларусь будзе перапрадаваць казахстанскую нафту далей:

«Можна сказаць, што да канца года падпішам. […] Мы павінны з беларускім бокам правесці відэа-канферэнц-сувязь і пастарацца зняць пытанні».

Калі казаць пра аб’ёмы, то ў Казахстане гавораць пра 3,5 мільёны тонаў нафты ды цёмных нафтапрадуктаў для нашай краіны. З Расеі ж Беларусь імпартуе для перапрацоўвання каля 18 мільёнаў тонаў нафты штогод, але па заніжаным кошце, у той час як Казахстан, натуральна, выставіць рынкавыя цэны, зазначае эканаміст Леанід Злотнікаў:

«Беларусь на кожнай тоне нафты будзе губляць 78 долараў прыкладна. Гэта значыць, што страты Беларусі складуць прыблізна 300 мільёнаў долараў на 3,5 мільёны тонаў, якія мы збіраемся набыць у Казахстане».

Сярод пытанняў – як Казахстан будзе транспартаваць нафту ў Беларусь праз тэрыторыю той самай Расеі, ад якой мы і намагаемся ўнезалежніцца.

«Расея пастаянна да апошняга часу, «Транснефть», чыніла перашкоды экспарту да еўрапейскіх краінаў для туркменскага газу і казахстанскае нафты», – кажа наш эканамічны аглядальнік Станіслаў Івашкевіч.

Цяпер бакі нібыта паразумеліся. Але для Расеі нафта і вуглевадароды надалей застаюцца інструментам палітычнага ціску на іншыя краіны.

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік:

«Я б сказаў, што для Расеі гэта не толькі інструмент лабіявання сваіх інтарэсаў, гэта фактычна «энергетычная зброя» – такі выраз нават ужываюць палітолагі».

А таму альтэрнатыўныя пастаўкі нафты сапраўды важныя для Беларусі. У 2010–2011 гадах нашая краіна ўжо спрабавала гэта рэалізаваць – возячы танкеры з Венесуэлы, аднак супраца не мела працягу. Зрэшты, ёсць ускосныя сведчанні, што ўсё гэта было ні што іншае, як прыкрыццё для кантрабанды той самай нафты з Расеі, кажа наш эканамічны аглядальнік Станіслаў Івашкевіч:

«Насамрэч нафта завозілася чыгуначным транспартам праз краіны Балтыі. А па дакументах яе запісвалі як нафту з Венесуэлы. (…) Для таго каб рэнтабельна перапрацоўваць нафту па сусветных коштах ад арабаў ці ад тых жа казахстанцаў, беларускім заводам трэба дасягнуць адпаведнага ўзроўню глыбіні перапрацоўкі нафты».

Пакуль жа стан айчынных НПЗ выдатна адлюстроўвае дзяржаўную мадэль кіравання ў Беларусі мінулых дзесяцігоддзяў – калі спадзяванні на прэферэнцыі з Расеі дазвалялі не праводзіць рэформаў, а толькі ўступаць у чарговыя саюзы.

Вітаўт Сіўчык belsat.eu