Нафта падае. Як аслабленне Расеі паўплывае на беларускую эканоміку?

Такога ў гісторыі яшчэ не было! Нафта, за якую не трэба плаціць, але калі ты яе купіш, то заплоцяць табе. Напярэдадні кошт травеньскага кантракту маркі «WTI» на гандляваннях у ЗША дасягнуў мінус $ 37 за барэль.

«Праблема ў тым, што ніхто не ездзіць машынаю, 184 краіны. Заводы закрытыя, бізнес не працуе», – заўважыў прэзідэнт ЗША Доналд Трамп.

Каранціны, уведзеныя праз COVID-19, знішчылі попыт на нафту. Сховішчы перапаўняюцца, а вытворцы гатовыя даплаціць за іх разгрузку. Спыняць нафтаздабычу сабе даражэй.

«Калі ты закансервуеш свідравіну, то гэта каштуе вельмі шмат грошай і ты губляеш істотную долю рэзерваў гэтае свідравіну», – тлумачыць эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

«Шчыра кажучы, апошні тыдзень быў нейкі спадзеў [на рост цэнаў], пасля таго як у ОПЭК дамовіліся скараціць нафтаздабычу, але, з таго, што мы бачылі ўчора, гэтага недастаткова», – падсумаваў аналітык з Сінгапуру Раві Крышнасўамі, адзін з кіраўнікоў у кампаніі Frost & Sullivan.

У Крамлі публічна на такія навіны адрэагавалі спакойна.

«Гэта абсалютна такі спекуляцыйны гандлёвы момант, які быў звязаны з датай закрыцця па фʼючэрзах на травень. І, безумоўна, гэтаму не трэба даваць нейкую апакаліптычную афарбоўку», – заявіў прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў.

Тым не менш цана маркі «Brent» у Еўропе апусцілася ніжэй за $ 19 – мінімум з 2002-ага года. Расейскі рубель сёння паспеў нязначна ўпасці, а ўслед за ім і беларускі. Долар цяпер каштуе два рублі 49 капеек, еўра – два рублі 68 капеек. Расейскі рубель у адносінах да нашага патаннеў амаль на 4 капейкі. Абвал коштаў на нафту аслабляе не толькі Расею, але і існую эканамічную мадэль у Беларусі.

«Беларусь страціла магчымасці спекуляваць расейскаю нафтай за кошт меншых унутрыеўразійскіх коштаў, і другі чыннік – гэта тое, што расейскі рынак таксама будзе істотна змяншацца ў сувязі з падзеннем коштаў на нафту, і, адпаведна, гэта паўплывае практычна на ўсе пазіцыі беларускага экспарту», – звяртае ўвагу Станіслаў Івашкевіч.

У красавіку «Белнафтахім» двойчы на адну капейку паніжаў цану на паліва. Мы спрабавалі даведацца, ці выльецца рэкорднае патанненне нафты на больш рашучыя зніжкі на нашых бензастанцыях. Але, на жаль, ні прэс-сакратар канцэрну, ні гарачая лінія гэтак і не адказалі.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»

Глядзі таксама