Нафта ляснулася! Бензін патаннее?


Такога абвалу коштаў на нафту не было з часу вайны ў Персідскай затоцы, пасля якой разваліўся Савецкі Саюз. Барэль нафты маркі Brent з дамовай на адгрузку ў траўні зранку каштаваў нават $31, замест ранейшых $45. Пад вечар кошты выраслі, але нязначна. Першая прычына: каронавірус знізіў патрэбу ў вуглевадародах – і гэта надоўга; а другая – гандлёвая вайна між Расеяй і Саудаўскай Аравіяй. Абедзве краіны будуць пампаваць і прадаваць нафту па максімуме.

«У нас быў біржавы шок, выкліканы сустрэчай між Саудаўскай Аравіяй, асноўным вытворцам нафты ў ОПЭК, і Расеяй. Удзельнікі вырашылі не карэктаваць здабычу ў бок зніжэння, у выніку кошты рэзка падаюць. Гэта сапраўды кароткатэрміновы перыяд панікі на фондавых рынках пасля вельмі нечаканых навінаў», – распавядае Торстэн Дэнін, фінансавы аналітык Франкфурцкай біржы.

Як паведамляе агенцтва «Блумбэрг» са спасылкай на крамлёўскія крыніцы, Масква не пайшла насустрач нафтаваму картэлю ОПЭК і не пагадзілася зніжаць здабычу, бо так сваім міністрам і алігархам загадаў непасрэдна Уладзімір Пуцін на паседжанні 1 сакавіка.

«У межах нашай макраэканамічнай палітыкі сёлета мы ўзялі за базавы ўзровень кошт нафты Brent у $42,4 за барэль», – заявіў кіраўнік Расеі.

Гэта свядомы крок Крамля, каб задаволіць патрэбы дзяржаўнай кампаніі «Роснефть» Ігара Сечына і выбіць з рынку канкурэнтаў, мяркуе Алег Чарвінскі, галоўны рэдактар часопісу «Petroleum» (Казахстан):

«Сечын адкрытым тэкстам заявіў, што парог безвыдаткавасці для ягоных кампаніяў – $35 за барэль. Да гэтага ўзроўню можна граць на нервах, граць мускуламі, і цалкам верагодна, што кошт зафіксуецца ў гэтых межах».

Аднак амерыканская сланцавая тэхналогія адрозніваецца ад традыцыйнай тым, што здабычу нафты можна і хутка прыпыніць, і хутка аднавіць, калі зноў стане выгадна. Цяпер, калі Саудаўская Аравія прапаноўвае ўсім сваю нафту са зніжкай, Беларусі будзе прасцей набыць сыравіну. Але зарабіць на продажы нафтапрадуктаў будзе цяжэй, мяркуе Аляксандр Заяц, эканамічны аглядальнік TUT.BY:

«Я б звярнуў увагу на лютаўскую заяву (міністра эканомікі Дзмітрыя) Крутога, дзе ён кажа, што для беларускага плацёжнага балансу лепш кошт $70 за барэль, чым $30-40».

Ад пачатку года Расея спыніла буйныя пастаўкі нафты ў Беларусь трубаправодам «Дружба», наўпрост звязваючы новы гадавы кантракт з глыбінёй інтэграцыі. Аляксандр Лукашэнка паказальна абураўся, што даўні эканамічны ды ідэалагічны партнёр прапаноўвае сыравіну за сусветныя кошты плюс прэмію расейскім кампаніям.

«Што датычыцца прэміі за нафту (кампаніям за пастаўкі) у памеры $10 за тону, то ёсць не такі і малы шанец, што яна прапарцыянальна знізіцца да таго, як знізіцца кошт тоны нафты», – мяркуе рэдактарка сайту «Наше мнение» Валерыя Касцюгова.

Нашым перапрацоўчым заводам на год трэба 24 мільёны тонаў нафты. Пакуль кошты невысокія, Беларусь купляе яе танкерамі праз Адэсу і Клайпеду.

«З Польшчы мы шмат абʼёмаў не возьмем, Літва сказала, што можа пераваліць да 3 млн тонаў нафты, каля 3-4 млн т праз Украіну», – нагадвае Аляксандр Заяц.

А праз трубу «Дружба» – малымі порцыямі. Сёння стала вядома, што 5 новых невялікіх расейскіх кампаніяў у сакавіку паставяць у Беларусь 200 тысячаў тон, але без уліку прэміяў – паведаміла прэс-служба «Белнафтахіму». Што да коштаў бензіну, у гэтую нядзелю дзяржава ўпершыню за год іх не павысіла. Як будзе праз тыдзень – у «Белнафтахіме» казаць не бяруцца.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»