На выбарах у Турцыі маглі адбыцца фальсіфікацыі


У Турэччыне сёння абіралі новы парламент і прэзідэнта, які, згодна з папраўкамі ў Канстытуцыю, будзе мець большыя паўнамоцтвы.

«З увядзеннем прэзідэнцкай сістэмы Турэччына падняла планку, узносячыся па-над сучаснымі цывілізацыямі», – заявіў дзейны прэзідэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган.

Пасля падліку паловы бюлетэняў Эрдаган набраў каля 50 % галасоў. На другім месцы – левацэнтрыст з Народнай партыі Мухарэмам Інджэ. Далей за ім ідуць былая міністарка унутраных справаў і нацыяналістка Мэраль Акшэнэр і лідар Дэмакратычнай партыі народаў Сэляхатын Дэмірташ, які ўжо два гады застаецца ў турме.

Замыкаюць рэйтынг Догу Пэрынчэк з Патрыятычнай партыі ды Тэмэль Карамалааглу з Ісламісцкай партыі.

«Я спадзяюся, што ўсё, што адбудзецца, пойдзе на карысць нашай краіне», – заявіў Мухарэм Інджэ.

«Нельга супрацівіцца выбару грамадзянаў. Найважнейшая справа тут – свабоднае выказванне волі выбарнікаў», – казала Мэраль Акшэнэр.

Летась у краіне прайшоў рэферэндум, які змяніў форму кіравання на прэзідэнцкую. Не чакаючы шмат часу, улады вырашылі правесці і датэрміновыя выбары. Але вынік іх – невідавочны.

Перад днём галасавання галоўнаму канкурэнту дзейнага прэзідэнта Рэджэпа Таіпа Эрдагана, Мухарэму Інджэ, удалося змабілізаваць сілы ды вывесці на вуліцы мільёны людзей. І гэта ў сітуацыі, калі амаль усе медыі спрыяюць дзейным уладам, а ў турмах сядзяць дзясяткі тысячаў супраціўнікаў прэзідэнта.

«Нягледзячы на тое, што дагэтуль 80, а з нядаўняга часу – 95 % медыяў належыць прэзідэнту Турэччыны, усё роўна меркаванне гэтых 50 % нязгодных – не змяняецца», – кажа Яшар Ніязбаеў з агенцтва «Muhabir Ajans».

Што да парламенту, то згодна з папярэднімі апытаннямі, першае месца займае прэзідэнцкая Партыя развіцця і справядлівасці. Але калі турэцкім апазіцыйным партыям удасца аб’яднацца ў звяз з курдамі, то дзейныя ўлады не змогуць сфармаваць ураду.

Застацца ў нацыяналістычна-аўтарытарным рэчышчы або вярнуцца да больш свецкай дэмакратыі? Менавіта такі выбар стаіць перад Турэччынаю. Рэджэп Таіп Эрдаган кіруе краінаю ўжо больш як 15 гадоў. Вынікі галасавання ці адхіляць дзейнага прэзідэнта ад улады, ці нададуць яму султанскія паўнамоцтвы.

Але адна справа галасаваць, а зусім іншая – лічыць. Эксперты ж кажуць, фальсіфікацыі ў Турэччыне цалкам магчымыя.

«Ёсць нешта такое, як у Беларусі: ездзяць з урнамі, бо недзеяздольныя ці старыя людзі могуць прагаласаваць у хаце. Ёсць шанцы, што дойдзе да фальсіфікацыяў. Апроч таго, яшчэ на мінулым рэферэндуме была сітуацыя, што бюлетэні з адзначаным выбарам, але без пячаткі выбарчай камісіі ўсё адно прызнаваліся сапраўднымі», – кажа выкладчык Варшаўскага ўніверсітэту Адам Бальцэр.

Рэакцыя на фальсіфікацыі можа быць непрадказальнай. Пасля няўдалага путчу ў ліпені 2016-га турэцкае грамадства моцна палярызавалася. Эксперты дадаюць: краіна перанасычаная нелегальнаю зброяй, а патэнцыйныя вулічныя пратэсты могуць выліцца нават у гарадскую партызаншчыну.

«Туркі, крытычныя да ўлады, кажуць: на жаль, змяніць уладу можна толькі на вуліцы, а дзеля гэтага патрэбны турэцкі Майдан. Калі не ўдасца, то вельмі баюся, што мы будзем назіраць турэцкую Т’янь-Ань-Мэнь», – дадае Бальцэр.

Калі ж у Турэччыне ўдасца змяніць уладу, то гэта, паводле палітычных аглядальнікаў, абернецца сапраўдным землятрусам: з турмаў выйдуць дзясяткі тысяч вязняў, а краіна зноў пачне дрэйфаваць у бок Еўрапейскага Звязу, прыстасоўваючыся пад заходнія каштоўнасці.

Вітаўт Сіўчык; фота – Huseyin Aldemir/Reuters/Forum