На выбарах у Аўстрыі перамагла партыя «сябра» Лукашэнкі

Сюрпрыз для сацыёлагаў і грамадзянаў Аўстрыі: на парламенцкіх выбарах перамагла кансерватыўная Аўстрыйская народная партыя. Яна набрала больш за 38 %. Лідар АНП – малады канцлер Зэбаст’ян Курц – у вельмі добрых стасунках з кіраўніком Беларусі, а сама краіна – буйны інвестар.

Нестандартная сітуацыя для еўрапейскай палітыкі і наўрад ці магчымая для сённяшняй Беларусі: кіраўнік дзяржавы сам сыходзіць у адстаўку пасля карупцыйнага скандалу, прызначае пазачарговыя выбары ў парламент і перамагае. Зэбастʼян Курц, чыя Аўстрыйская народная партыя набрала найбольш галасоў, але без абсалютнай большасці, цяпер шукае кааліцыі з іншымі партыямі.

Вось як рэагуюць на вынікі выбараў жыхары Вены:

«Вельмі добры вынік для Аўстрыйскай народнай партыі і Зэбастʼяна Курца. Паглядзім, ці сапраўды зялёныя хочуць праводзіць зялёную палітыку, ці яны проста адсталыя камуністы і працуюць супраць Курца».

«Курц найлепшы, а ўсе астатнія – дурні. Прабачце».

«Гэта быў сюрпрыз, што Аўстрыйская партыя свабоды столькі страціць. А ўсё праз гэтыя скандалы».

Скандал датычыў партнёра Курца з правапапулісцкай Аўстрыйскай партыі свабоды – Гайнца-Крыстʼяна Штрахэ. Схаваная камера запісала, як Штрахэ – на той момант віцэ-прэм’ер – падчас пʼянкі ў гатэлі на Ібіцы дамаўляецца з пляменніцаю расейскага алігарха аб дзяржаўных кантрактах узамен за незаконнае фінансаванне партыі. Сваячка алігарха аказалася падстаўной асобаю, Штрахэ страціў партыйнае кіраўніцтва, а Курц, не замяшаны ў справе, забраў у папулістаў частку галасоў.

«Аўстрыйская партыя свабоды ўжо абвесціла будучы партыйны кангрэс або сустрэчу лідараў партыі, каб разабраць справу Штрахэ. Ясна адно: калі Партыя свабоды хоча пачаць новае жыццё, яна мусіць закончыць гэтую справу якім-кольвек чынам», – тлумачыць аўстрыйскі палітолаг Пэтэр Гаек.

Гэтыя падзеі важныя і для нас, бо Аўстрыя – адзін з найбуйнейшых інвестараў у Беларусі. У тым ліку ў мабільнай сферы, у перапрацоўчай прамысловасці і ў банкаўскім сектары.

«Ёсць як непасрэдна аўстрыйскія прадпрыемствы, так і сумесныя з беларускімі, і аўстрыйскія інвестыцыі дапамагаюць мадэрнізаваць пэўныя беларускія прадпрыемствы. Ёсць эканамічныя інтарэсы і ў тым ліку ў двухбаковым гандлі», – пералічвае аналітык BISS Кацярына Шмаціна.

А ў палітычнай сферы – увогуле ідылія: Зэбастʼян Курц дапамагае Лукашэнку пазбавіцца рэпутацыі апошняга дыктатара Еўропы. Ён адзіны з лідараў Еўразвязу, хто прыехаў з візітам непасрэдна да Лукашэнкі і больш за тое запрасіў кіраўніка Беларусі ў госці ў Вену.

На сёння Аўстрыя працуе адвакатам для рэжыму Лукашэнкі ў Еўразвязе, кажа аналітык Кацярына Шмаціна:

«Гэта краіна Еўразвязу, якая не выказвае жорсткай крытыкі ў палітычных пытаннях, падкрэслівае, што Беларусь можа заставацца ў блізкіх стасунках і з Расеяй, і з Еўразвязам».

Як мяркуе эксперт, для Аўстрыйскай народнай партыі, як і для большасці ў Аўстрыі, пытанні правоў чалавека ў Беларусі адышлі на другі план пасля эканамічных.

Яраслаў Сцешык belsat.eu

Глядзі таксама