На падрыхтоўку да выбараў улады пакінулі тыдзень


Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць 9 жніўня. Спачатку гэтую дату запрапанавала Лідзія Ярмошына, а пасля за яе прагаласавалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Такім чынам, на тое, каб зарэгістраваць ініцыятыўныя групы, застаецца ўсяго тыдзень. Аляксандр Папко.

Згодна з Выбарчым кодэксам, дакументы для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы трэба падаць за 85 дзён да дня галасавання – гэта значыць, ужо 15 траўня.

«Хто не паспеў, той адпачывае. Ціханоўскі сядзіць, праймерыз апазіцыі – у балоце, а застаўся тыдзень. Спрытна і прадказальна адначасова», – пракаментаваў дзеянні ўладаў палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман.

Кінуць выклік нязменнаму кіраўніку Беларусі ўжо пастанавілі дэпутат Алег Гайдукевіч, былая дэпутатка Алена Анісім, блогер Сяргей Ціханоўскі і старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Сяргей Чэрачэнь. Да канца траўня праз праймерыз выбраць свайго кандыдата збіраліся правацэнтрысцкія сілы. Аднак рэгістраваць ініцыятыўныя групы асобныя ўдзельнікі гатовыя ўжо цяпер.

«Што датычыць падачы дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы, то над фармаваннем гэтай групы мы пачалі працаваць ужо падчас паездак па рэгіёнах. Людзі, якія за нас галасавалі, згаджаліся, каб мы іх прыцягнулі да працы», – кажа старшыня Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.

Блогера з Гомля Сяргея Ціханоўскага затрымалі пазаўчора падчас паездкі па рэгіёнах. А ўчора на ягоным «YouTube»-канале з’явілася відэа, дзе Ціханоўскі заяўляе пра намер узяць удзел у выбарах.

«Дваццаць шэсць гадоў краінаю кіруе дыктатар. Кіруе безгаспадарча і злачынна. Сотні ролікаў на маім канале гэта даказваюць!» – зазначыў Сяргей Ціханоўскі.

Стварыў яго Ціханоўскі ўсяго год таму. Да гэтага працаваў у Маскве, здымаў рэкламу і кліпы для расейскіх поп-музыкаў. Беларускія палітычныя блогеры да нечаканай грамадзянскай актыўнасці Ціханоўскага ставяцца з падазрэннем – пісала паўгода таму «Наша Ніва».

Ні блогеру, ні старэйшаму пакаленню дэмакратычных актывістаў пахіснуць сваю ўладу Аляксандр Лукашэнка не дасць – лічыць палітолаг Юрый Чавусаў.

«Найбольш трывожыць тое, што ўлады дадуць карт-бланш сілавікам на затрыманне тых людзей, тых прадстаўнікоў грамадства, ад якіх улады чакаюць нечаканасцяў», – каментуе палітолаг Юры Чавусаў.

Пры гэтым запыт на перамены ў грамадстве высокія – кажа сацыёлаг Андрэй Вардамацкі. Згодна з красавіцкім даследаваннем, эканамічных рэформаў у краіне хочуць амаль 74 адсоткі апытаных.

«Было пытанне, якая эканамічная мадэль найбольш эфектыўная. І людзі адказваюць, што больш эфектыўная тая, якая існуе ў краінах Захаду», – паведаміў дырэктар Беларускай аналітычнай майстэрні.

Ці чакаюць беларусы якіх-небудзь зменаў ад прэзідэнцкіх выбараў?

«Гэтыя выбары нічым не адрозніваюцца ні ад папярэдніх, ні ад тых, якія былі раней. Усё пройдзе так, як было і папярэднія разы».

«Я думаю, што выбар ужо зроблены за нас».

«У нас як была стабільнасць і спакой ува ўсіх выбарах, так будзе і гэтым разам».

«У нас заўсёды так. Мы стабільны народ. Усе загадзя ведаюць, хто будзе», – каментуюць Жыхары Віцебску.

Збіраць подпісы зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы будуць у масках і пальчатках. Санітарнымі патрабаваннямі старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына тлумачыць і яшчэ адно новаўвядзенне: на пасяджэннях выканаўчых камітэтаў, якія сфармуюць выбарчыя камісіі, назіральнікаў не будзе.

Аляксандр Папко, «Белсат»