«На карысць Расеі». Лукашэнка падпісаў Мытны кодэкс ЕўрАзЭС


Шлях афіцыйнага Менску ў Еўразійскі эканамічны саюз быў поўны церняў. Пачыналася ўсё, калі кіраўніка Беларусі не падводзіць памяць… на кухні ў Уладзіміра Пуціна.

«І мы там жа на каленцы – ён пісаў, мы дыктавалі яму, яшчэ малады прэзідэнт Пуцін, ён запісваў усе гэтыя палажэнні – адтуль усё пачыналася», – сведчыць Лукашэнка.

Кухонныя пасядзелкі лідараў СНД сышлі ў мінуўшчыну

А ўзаемная інтэграцыя куляе. Крэмль патрабаваў ратыфікацыі Мытнага кодэксу яшчэ летась, акурат у разгар нафтагазавай спрэчкі Масквы і Менску, калі ўлады Беларусі спрабавалі плаціць за газ справядлівую, у іхным разуменні, цану. Летась у снежні Аляксандр Лукашэнка дэманстратыўна не з’явіўся на саміце ЕАЭС і АДКБ у Санкт-Пецярбурзе.

«Гэта быў жэст, гэта быў крок у рэчышчы шантажу Расеі. У выніку Лукашэнка дамогся гэткіх прымальных умоваў, развязаўся канфлікт, цішком падпісаў гэты кодэкс і мы нават не даведаліся, што там былі нейкія праўкі», – абураецца палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Афіцыйнаму Менску сапраўды было нявыгадна падпісваць гэты дакумент

«У межах гэтага мытнага кодэксу ідзе ягоная гарманізацыя з іншымі сябрамі Мытнага Звязу Расеяй, Казахстанам, Кыргызстанам і Арменіяй. І ў межах гэтай гарманізацыі, Менск атрымлівае менш магчымасцяў маніпуляваць з мытамі, уводзіць нейкія новыя абаронныя, ці забаронныя мыты», – даводзіць эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

Як тое было хоць бы з украінскім півам на пачатку дзесяцігоддзя. Беларусь запатрабавала павысіць кошты ўкраінскага хмелю спачатку на траціну, а пасля яшчэ на 64 %. Кіраўнік Беларусі выказваўся крытычна пра дакумент і звяртаў увагу, што без вырашэння ўсіх праблемаў нават не дакранецца да кодэксу.

Але, пасля заканчэння нафтагазавай спрэчкі, кодэкс быў падпісаны, і ў верасні Лукашэнка ўсё ж такі да яго дакрануўся.

Што зменіцца для звычайных людзей

Так, нягледзячы на тое, што дакумент уводзіць бязмытную мяжу для інтэрнэт-пакупак фізічным асобам у Мытным саюзе на некалькі соцень еўраў на месяц, для беларусаў нічога не зменіцца. У нас сума бязмытнай інтэрнэт-куплі ўсцяж складае не больш за € 22. Тым не менш, пэўныя перавагі дакумент з сабою нясе.

«Для эканомікі больш стабільны і спрошчаны мытны кодэкс – гэта добра. Горш тое, што Беларусь губляе магчымасць самастойна распараджацца сваймі мытнымі правіламі, але ўва ўмовах існай адміністрацыі гэта можа быць у кароткатэрміновай перспектыве нават добра», – упэўнены спадар Івашкевіч.

Самаізаляцыя, загніванне, дэградацыя і тупік

«Расея, як нядаўна сказаў беларускі прэмʼер Кабякоў, паставіла воз наперадзе каня. Падпісалі гэтыя еўразійскія пагадненні, а засталося процьма гэтых выняткаў і выключэнняў, якія збольшага на карысць Расеі», – даводзіць Класкоўскі.

Перадусім нашыя ўсходнія суседзі не спяшаюцца адмаўляцца ад высокіх коштаў на энерганосьбіты, што і стала прычынаю леташняга нафтагазавага канфлікту. А без гэтага нікому, апроч самой Расеі, такі саюз не патрэбны. Ды і што гэта за інтэграцыя, калі інтэгруемся выбарачна?

«Гэта звяз вымушаны, гэта самаізаляцыя і ў пэўнай ступені аўтархічная ідэалогія, яна вядзе да загнівання, да дэградацыі, вядзе па вялікім рахунку ў тупік. Нам трэба наадварот інтэгравацца ў глабальныя працэсы, а не замыкацца ў гэтым звязе бедных дыктатураў», – дадае палітычны аглядальнік.

І нават тут жадання інтэгравацца няма. Агульны Мытны кодэкс меўся ўвайсці ў моц сёлета ў чэрвені. А цяпер яшчэ невядома, ці паспеюць яго ратыфікаваць у Вярхоўным савеце Кыргызстану.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат», фота: Reuters / Forum