На Гомельшчыне парасяты дохнуць з голаду

Сельская гаспадарка мае не толькі эканамічнае, але і вялікае палітычнае значэнне, падкрэсліваў ня так даўно Аляксандр Лукашэнка на нарадзе аб развіцці беларускае аграрнае галіны. Але практыка, як гэта нярэдка бывае, разыходзіцца з гучнымі словамі. Чарговы такі прыклад журналісты Белсату знайшлі на Гомельшчыне.

Мёртвыя парасяты ў смеццевай яме селекцыйна-гібрыднага цэнтру «Зарэчча», што ў Рагачоўскім раёне – гэта не вынік свіной чумы ці нейкай іншай эпідэміі, а наступства недахопу грошай на карма. Намеснік кіраўніка «Зарэчча», у каментары, сітуацыю залагоджвае.

«Па кармах канешне цяжкая сітуацыя, але вышукваем, з усёй вобласці сцягваем, кормім. Цяжкая эканамічнае становішча на гаспадарцы», – намеснік кіраўніка СГЦ «Зарэчча» Яўген Гурэвіч.

А вось ананімны супрацоўнік прадпрыемства сітуацыю, якая пануе на свінафермах апісвае зусім па-іншаму.

«Камбікорм прывозяць слаба гэта так. Бывала па 2-3 содняў не возяць. Пагалоўе вялікае а возяць мала. Сёння прывезлі на«пяцёрку» секцыю, а што тая секцыя, ерунда… на «шасцёрку» секцыю, а 8-ка арачнікі і 32-ая галодныя засталіся. Іх учора пакармілі, і яны цэлы дзень галодныя. Дохнуць у асноўным малыя», – распавядае супрацоўнік СГЦ «Зарэчча» Мікалай.

Шмат хто адмаўляецца казаць на камеру, але ў прыватных размовах распавядае, што, часам, свіней кормяць усяго тры разы на тыдзень. І такая сітуацыя на прадпрыемстве цягнецца ўжо трэці месяц.

«Вы лічыце, што гэта складанасць? А я лічу, што гэта тэхналагічны працэс, гаспадарка штогод набывае карма», – кажа Мікалай.

Прадпрыемства «Зарэчча» – не звычайная свінаферма, а селекцыйна-гібрыдны цэнтр. Тут разводзяць высакакласны племянны маладняк ды гадуюць новыя пароды свіней, якія пазней трапляюць у калгасы ўсёй вобласці.

«Павінна быць канкурэнцыя, павінныя быць фермерскія гаспадаркі. Фермер ніколі не будзе так да жывёлы ставіцца. Ён будзе начэй не спаць, але ў яго будзе ўсё ў парадку. Але ў Беларусі пабудаваная дзяржаўная сістэма сельскае гаспадаркі, у якой гаспадароў няма, а ёсць толькі чыноўнікі. А ў іх сем пятніцаў на тыдні», – кажа Васіль Палякоў, старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

А вось намеснік кіраўніка СГЦ «Зарэчча» кажа, што акцэнт зрабілі на малако.

«Нашая вобласць з Расеяй больш па малаку працуе. Вырашылі павялічыць вытворчасць малака», – распавядае Яўген Гурэвіч.

А пра свіней, і рабочых «Зарэчча», з заробкам у 200-300 рублёў, вырашылі забыцца. Праблема ў тым, што калі чыноўнікі, праз нейкі час, зноў будуць ласкавыя вярнуць прыярытэт свінаводству, то ў вобласці можа і не застацца з чым працаваць.

ІК, «Белсат»

Глядзі таксама