На Гарадзеншчыне прадаюць палац за 138 рублёў

Палац у Жамыслаўлі – помнік гісторыі і культуры XIX ст., копія варшаўскага каралеўскага палацу ў Лазенках, выстаўляецца на аўкцыён. Пачатковы кошт – Br 138 рублёў, гэта каля $ 70.

Разам з палацам пакупніку дастануцца яшчэ дзве афіцыны, гаспадарчая пабудова ды парк, які памятае былых уладальнікаў, графаў Умястоўскіх. Цягам месяца гаспадар абавязаны падпісаць ахоўныя абавязкі, цягам трох гадоў – распрацаваць праектава-каштарысную дакументацыю на рэканструкцыю ды распачаць прадпрымальніцкую дзейнасць не пазней, чым праз 5 гадоў пасля ўводу комплексу ў эксплуатацыю.

Цяпер палац у аварыйным стане

З кожным годам гэты стан заўважна пагаршаецца, але пакуль будынак яшчэ можна аднавіць. Унікальны помнік стаіць у ціхім маляўнічым месцы на беразе вялікага возера ды ракі Гаўі. Вакол палацу захаваўся вялікі парк.

Да 90-х гадоў у будынку размяшчалася кантора мясцовага калгасу, бібліятэка, пошта, клуб. З 2006-га года палац пуставаў, і за гэты час дэталі інтэр’еру разабралі ды расцягнулі. Каб выратаваць гістарычны помнік, некалькі разоў яго спрабавалі прадаць, але абласныя чыноўнікі заміналі гэта зрабіць.

Шмат якія элементы дэкору захаваліся ў даволі добрым стане

Да прыкладу, кафля XIX ст. Але адсутнасць даху робіць сваю справу.

Дах у 2012-м годзе знішчыў пажар. У выніку ад ападкаў пачалі разбурацца перакрыцці, унутранае ўбранства, паркет. На сценах пачалі з’яўляцца расколіны. Спецыялісты кажуць, што рэканструкцыя такога палацу можа каштаваць $ 3-7 млн. Але ў гэтага месца ёсць вялікі турыстычны патэнцыял.

«Можа быць паедуць палякі, будзе цікава пабачыць паменшаную копію Лазенкаўскага палаца. Паедуць людзі, якія стаміліся ад гарадской мітусні. Паедуць людзі, якія хочуць акунуцца ў шляхецтва такое, у шляхецкае жыццё. Таму што тут такое ўсё ўзвышана-багата-прыгожае», – мяркуе мясцовая жыхарка Алеся Гурская-Таболіч.

Сюды і цяпер прыязджаюць турысты, нягледзячы на тое, што аб’ект ніяк не рэкламуецца. Мясцовыя жыхары спадзяюцца, што новы ўласнік зможа ўдыхнуць жыццё ў палац.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, «Белсат»

Глядзі таксама