На адзінага ад апазіцыі прэтэндуюць пяцёра кандыдатаў

«Вось такое пасведчанне ўдзельніка Народнага галасавання атрымаюць пяць кандыдатаў на адзінага ад апазіцыі. Для яшчэ аднаго заяўніка ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі ў складзе абʼяднанай апазіцыі ўжо завершаны».

Павел Севярынец, Мікалай Казлоў, Юрась Губарэвіч і Аляксей Янукевіч сталі кандыдатамі аўтаматычна, яны рэгістраваліся на адзінага ад сваіх партыяў. Правамоцнасць рэгістрацыі спраўджвалі ў Вольгі Кавальковай ды Ганны Канапацкай, якія заяўляліся шляхам збору галасоў. У выніку Канапацкую не зарэгістравалі з прычыны недасканаласці сабраных подпісаў. І ня толькі.

«Ганна Анатолеўна не працавала на першым этапе кампаніі Народнага галасавання для ўмацавання даверу. Вы ўсе памятаеце яе выказванні ў сацыяльных сетках, відэаролікі, якія яна запускала», – кажа выканаўца абавязкаў кіраўніка штаба «Народнае галасаванне» Аляксей Сігаеў.

«Гэта дэмакратычная працэдура, было галасаванне, у кожнага былі свае аргументы. У выніку Ганна Канапацкая не прайшла праймерыз», – працягвае кіраўнік Абʼяднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў.

Сёння прэтэндэнты на адзінага распачалі збіраць галасы сваіх прыхільнікаў, а завершаць працэдуру Народнага галасавання 15 траўня. Дзеля гэтага абʼедуць 56 гарадоў краіны.

«Нават тая працэдура, якая зараз запускаецца, яна лепшая, чым ніякага супольнага дзеяння. Таму гэта не самы кароткі шлях да добрага выніку, але нашыя спадзяванні – да добрага выніку прывядзе», – упэўнены намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

«Чакаем, канечне, вельмі шырокага кола мясцовых жыхароў, хоць – як жыццё пакажа. Часам людзі баяцца, бо мясцовая ўлада можа ціснуць, але нашыя дзверы адчыненыя для ўсіх», – заяўляе лідар руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.

«Каго б вы хацелі бачыць з апазіцыі ў якасці кандыдата на прэзідэнцтва?». Пытаемся людзей на вуліцах Менску:

«Нікога ня ведаю, нікога не хацеў бы».

«Севярынца – я вельмі паважаю гэтага чалавека, які змагаецца, які не здаецца. Я б гэтага чалавека хацела бачыць прэзідэнтам».

«Ня ведаю хто з нашых апазіцыянераў балатуецца – не магу сказаць».

«На гэты момант нікога з апазіцыі я назваць не магу. Калі б быў такі адэкватны чалавек, то так – хацеў бы назваць».

Мэта Народнага галасавання – удзел і перамога ў прэзідэнцкай кампаніі. Аднак гэтыя памкненні могуць не супасці з чаканнямі шырокага кола патэнцыйных выбарнікаў, лічыць адмысловец.

«Могуць быць «нажніцы» паміж запытамі апазіцыйнага актыву і запытамі электарату. Бо першым можа падабацца больш радыкальны палітык, а бальшыня і насцярожана паставіцца да чалавека, які кліча на плошчу ці на барыкады. Таму пытанне – наколькі гэты будучы кандыдат патрапіць у чаканні электарату», – кажа палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Удзельнікі праймерыз прапаноўваюць грамадзянам галасаваць за свайго кандыдата непасрэдна падчас сустрэчы або праз электроннае галасаванне. Абʼяднаная апазіцыя таксама заяўляе, што ў выпадку адмовы ў рэгістрацыі свайго кандыдата ўладамі яна будзе заклікаць сваіх прыхільнікаў да байкоту прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ды да акцыяў пратэсту.

Галіна Абакунчык, «Белсат»

Глядзі таксама