«Мясцовыя выбары – гэта генеральная рэпетыцыя для сілавых структураў»


Новыя рэкорды – як у лічбах датэрміновага галасавання, гэтак і… колькасці парушэнняў, зафіксаваных назіральнікамі. Агулам па краіне афіцыйна прагаласаваў ужо амаль кожны пяты выбарца. Да прагназаваных раней старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай 32-х адсоткаў, яшчэ ёсць і час, і рэсурсы.

Прыйшоў на ўчасткі, на якіх балатуецца кандыдатам у дэпутаты і дзе назіральнікі зафіксавалі значнае перавышэнне яўкі выбарцаў у пратаколах над рэальнай, ды яшчэ і запатрабаваў паказаць паперы – вінаваты! Штопраўда, Першамайская выбарчая камісія Менску абмежавалася папярэджаннем старшыні Руху «За свабоду» Юрыю Губарэвічу.

«Уладам, напэўна, невыгодна здымаць апазіцыянераў, бо гэта таксама пацягне дадатковую негатыўную ўвагу да выбараў, якія зноў-ткі праводзяцца не па правілах», – кажа Юрась Губарэвіч.

Чацвёрты дзень датэрміновага галасавання па ўсёй краіне прайшоў пад знакам гэтак званых «каруселяў». Як прыклад – менская Кунцаўшчына. Нягледзячы на нязручны для галасавання працоўны час, афіцыйна тут выявілі сваю волю ўжо больш за 6 тысяч чалавек – гэта каля траціны ад агульнае колькасці выбарцаў.

«Людзі прыходзяць галасаваць у 39-ю гімназію каля метро «Каменная горка», і далей гэтыя ж самыя людзі ідуць у наступныя школы – у 201-ю, пасля адзін у аднаго пытаюцца, дзе 4-я гімназія, працягваюць галасаваць тут, пазней уздымаюцца на горку і галасуюць далей у 179-й і 185-й школе», – распавядае кандыдат у дэпутаты Мікіта Семяненка.

У выніку, на ўсіх тутэйшых участках відэа- і фотаздымку забаранілі. Дзе ж не дапамагаюць каруселі, фальсіфікатараў выручае… асадка. У Рагачове актывістка партыі «Справядлівы свет», якая ўваходзіць у склад тамтэйшай участковай камісіі №11, падлічыла па журналу выдачы бюлетэняў колькасць тых, хто прагаласаваў – 91 чалавек. Тым часам у пратаколе зафіксаваныя 204 чалавека. Аднак старшыня камісіі Вольга Тургунбекаўна заявіла, што чальцы камісіі павінна выконваць загад райвыканкаму павялічыць колькасць выбарцаў, якія прагаласавалі датэрмінова.

«Гэта адзін з механізмаў – наўпроставая прыпіска. Ёсць механізм адміністратыўнага ўздзеяння, калі людзям на працы рэкамендуюць галасаваць датэрмінова, альбо студэнтам ці працаўнікам міліцыі, вайскоўцам», – адзначае старшыня партыі «Справядлівы свет» Сяргей Калякін.

А вось у Гомлі з назіральнікамі ваююць з куды большай фантазіяй. Там старшыня камісіі напісаў на кіраўніка мясцовай Моладзі БНФ Арцёма Касаварава скаргу: маўляў, актывіст банальна… праспаў 90 выбарцаў, а зараз клявешча пра нейкія там прыпіскі!

«Гляджу з месца назіральнікаў – урна не ў полі зроку. Я і сеў на канапу – ніхто аніслова мне не сказаў. Вось я сядзеў і 16 выбарцаў налічыў за дзень, а ў пратаколе 102 напісалі. Я старшныі кажу: маўляў, што гэта за справы такія? Ён нічога не адказаў: маўляў, пратаколу трэба верыць!» – кажа незалежны назіральнік Арцём Касавараў.

Лавілі фальсіфікатараў і актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Паводле старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, у выніку, завышэнні рэальных лічбаў тых, хто насамрэч прагаласаваў датэрмінова, сягаюць нават 17-ці разоў!

«Чаму на гэтай кампаніі, якая, у прынцыпе, не ўплывае ані на фінансавыя плыні, ані на пераразмеркаванне паўнамоцтваў – чаму гэтак адбываецца? Асноўная мая выснова – гэта генеральная рэпетыцыя для сілавых структураў, для тых людзей, якія сядзяць у камісіях, перад рэферэндумам і перад прэзідэнцкай кампаніяй. Папросту адпрацоўваюцца новыя тэхналогіі, як дурыць людзей і як забіраць у іх будучыню», – адзначае старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

Штопраўда, міліцыя на скаргі актывістаў і назіральнікаў рэагаваць не спяшаецца. Затое кандыдата ў дэпутаты ад АГП па Старавіленскай акрузе №41 у Менску Мікалая Казлова, які і лавіў парушальнікаў, забралі папросту на ягоным выбарчым пікеце на сталічнай Камароўцы. З прэтэнзіямі да яго як да… аўтааматара.

Валер Руселік, «Белсат»