Мясніковіч: Польшча абяцае «круглы стол» у Менску

14 лютага 2019 года. Старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч і маршал Сенату Польшчы Станіслаў Карчэўскі падчас сустрэчы ў Варшаве. Фота – «Белсат»

Польшча гатовая арганізаваць візіты ў Менск міністраў замежных справаў з краінаў – чальцоў «Усходняга партнёрства» і Вышэградскай групы. Прынамсі, такую заяву зрабіў старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч пасля афіцыйнага візіту ў Варшаву. Пацверджання гэтаму з боку польскіх уладаў пакуль няма.

Міхаіл Мясніковіч у Польшчы не хаваў задавальнення. 7 гадоў таму, калі ён кіраваў урадам, улады Беларусі былі пад санкцыямі ЗША і Еўразвязу за жорсткі крымінальны ды фізічны пераслед апазіцыі. А цяпер і еўрапейскія санкцыі знялі, і прымаюць на найвышэйшым узроўні. Прынамсі, у суседняй краіне.

Відэаматэрыял глядзіце ў поўным выданні навінаў за 16 лютага:

«Усе мэты, з якімі я сюды прыехаў, здзейсніліся. І з маршалкам Карчэўскім, і з прэзідэнтам Дудам, і з прэм’ерам Маравецкім мы дамовіліся аб далейшых шляхах і ў эканамічнай, і ў міжпарламенцкай супрацы», – пракаментаваў «Белсату» асаблівасці візіту Мясніковіч.

Праўда, падрабязнасцямі перамоваў экс-прэм’ер дзяліцца не спяшаўся: «Аб гэтым можна размаўляць тыдзень!»

У польскім Сенаце прадстаўнікі апазіцыі дэманстратыўна выйшлі з залы падчас афіцыйнага прывітання прадстаўніка Лукашэнкі. Аднак гэта не паўплывала на польскі ўрад. Як мяркуе палітолаг Сяргей Нікалюк, афіцыйная Варшава не забыла аб пытаннях правоў чалавека ў Беларусі, пры тым не чакае ад Лукашэнкі зрухаў у гэтым кірунку.

«Візіт Мясніковіча паспяховы, бо тыя пытанні, якія можна вырашыць, вырашаюцца. А тыя, якія стаяць за межамі, напэўна, і не абмяркоўваюцца, бо навошта. Мяркую, абодва бакі разумеюць межы рашэння пытанняў», – мяркуе Сяргей Нікалюк.

Як заявіў сёння Мясніковіч са старонак «СБ. Беларусь сегодня«, каб перавесці беларуска-польскія стасункі на ўзровень вышэй, афіцыйная Варшава заявіла пра гатовасць арганізаваць прыезд у Менск міністраў замежных справаў краінаў Вышэградскай групы і ініцыятывы Еўразвязу «Усходняе партнёрства» – то бок Азербайджану, Арменіі, Грузіі, Малдовы ды Украіны.

«Беларусь з’яўляецца донарам міжнароднай бяспекі, і нават калі глядзець з апошніх падзеяў: Менскія пагадненні, звязаныя з урэгуляваннямі складанасцяў ва Украіне», – рэкламаваў перамоўную пляцоўку ў Менску старшыня Савету Рэспублікі.

Візіт Мясніковіча ў Варшаву для палякаў застаўся амаль незаўважаным: там адначасова праходзіў саміт аб бяспецы на Блізкім Усходзе з удзелам значна больш уплывовых гасцей. А ў Расеі больш глядзелі на трохдзённы візіт Аляксандра Лукашэнкі, які прыехаў у Сочы дамаўляцца аб працягу эканамічнага паслаблення.

Пуцін і Лукашэнка паездзілі на лыжах, пагулялі ў хакей, папілі гарбаты ў кампаніі іншых аўтарытарных лідараў. Але пра што дамовіліся ў выніку?

«У нас так збудаваная ўся палітыка, як у Расеі, так і ў Беларусі – нефармальныя рэчы важнейшыя за фармальныя, і асноўныя дамоўленасці адбываюцца ў агульным выглядзе ў лазнях, на паляванні, як у Савецкім Саюзе», – нагадвае Сяргей Нікалюк.

Як лічыць палітолаг, доўгія сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна не прынеслі канкрэтных дамоўленасцяў. Іначай адзін з бакоў паспяшаўся б пахваліцца.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Глядзі таксама