«Мы як адшчапенцы, нікому не патрэбныя». Дарога ў Вялюнь разбітая, а аўтобус ходзіць толькі па выходных


Жыхары вёскі Вялюнь сацыяльна адчужаныя – і не паводле свайго жадання. Хоць населены пункт усяго за 13 кіламетраў ад Берасця, трапіць у раённы і абласны цэнтры яго жыхары змогуць толькі ў выходныя. Аўтобус заязджае ў Вялюнь толькі па суботах і нядзелях. Не дабрацца ў горад і на сваёй машыне – дарога раз‘езджаная цяжкавікамі. Чыноўнікі даўно абяцаюць развязаць праблемы вялюньцаў, але выніку як не было, так і няма.

У 1957-ым годзе ў Вялюні былі школа, крама і амбулаторыя. У 2019-ым – па буднях няма нават аўтобуса. Вольга Козак, жыхарка Вялюні:

«Як пад‘ехаць сюды – або бацькоў адведаць, або дзяцей адведаць, ці як – нічым нельга дабрацца. Калі, крый бог, захварэла – ні да лекара».

У суседнія вёскі ходзяць маршруткі, людзі з лёгкасцю дабіраюцца і да цягніка. Святлана Мазалюк, жыхарка Вялюні, распавядае:

«А мы – як адшчапенцы нейкія, нікому не патрэбныя. Засталіся няшчасныя гэтыя божыя дзьмухаўцы. Насельніцтва, вядома, ёсць, але ўсе такія вось маладыя, прыезджыя. А гэтых няшчасных дзьмухаўцоў нават не завязеш у паліклініку».

Мала таго, самую дарогу ў вёсцы знішчылі грузавікі. Цяпер яе ні праехаць, ні прайсці. Надзея, стараста вёскі:

«У школу зранку водзяць дзяцей – ідуць усе ў гумовых ботах, дзяцей бяруць у ахапак і пераносяць праз гэтыя лужыны».

Распавядае Валянцін, жыхар Вялюні:

«У мяне машына два масты, то я яшчэ праязджаю. А людзі не могуць праехаць, вось маладая маці з дзіцём, нарадзіла – хуткая не даязджае, бо балота, балота і ўсё».

Раённыя чыноўнікі яшчэ пяць гадоў таму паабяцалі ўладкаваць інфраструктуру. З тае пары ўсё, што робіць райвыканкам, – пастаянна запэўнівае, што дапаможа вялюньцам.

«Абяцалі, казалі такое, што з восені будуць. Прайшла восень, зіма, вось вясна зноў, і ніхто нічога не робіць», – кажа стараста вёскі.

Грамадскім транспартам і магчымасцю ездзіць па нармальнай дарозе павінная забяспечыць жыхароў менавіта ўлада. Ігар Маслоўскі, кіраўнік арганізацыі «За свой горад»:

«На паперы гэтыя стандарты вельмі добрыя. На практыцы, на жаль, атрымліваецца ўсё па-іншаму. Людзі проста не змагаюцца за свае правы. Або няма каму падказаць гэтым людзям, як трэба змагацца за гэтыя правы».

Праблемы з адсутнасцю неабходнай інфраструктуры добра вядомыя не толькі ў Вялюні. Прыкладам, у Баярах на Віцебшчыне, каб дабрацца да лекара або аптэкі, людзі ідуць пешшу 4 кіламетры, бо адзіны аўтобус у іхную вёску – скасавалі.

«Хацелася б хоць бы паводле заяўкі мець аўтобус, калі чалавеку трэба з’ездзіць у больніцу па рэцэпт ці лекі… А чатыры кіламетры нам топаць да прыпынку. Усё ж такі сучасны век…», – кажа Тамара Серабро, жыхарка Баяраў.

А жыхары Хорску, што на Піншчыне, у 2019 годзе вымушаныя дабіраюцца па лёдзе. Бывае, што і паўзком. Узімку прыбіраюць пантонны мост, па якім улетку дабіраюцца мясцовыя. Марыя, жыхарка Хорску:

«Было, што і танулі… У нас адзін ішоў з працы, ужо багата гадоў было, патануў ён тут».

Усталяваць падвесны мост паміж вёскаю і Давыд-Гарадком жыхарам абяцалі яшчэ трыццаць гадоў таму. З гэткіх сітуацыяў выхад можа быць толькі адзін. Гэта салідарныя дзеянні людзей, якія жывуць у канкрэтным населеным пункце, кажа Ігар Маслоўскі:

«Яны павінныя збіраць подпісы, яны павінныя іх накіроўваць у мясцовыя ўлады. Калі мясцовыя ўлады не рэагуюць, гэтыя подпісы, скаргі перадаваць у абласныя ўлады, у рэспубліканскія ўлады. І як паказвае практыка, калі праходзіш некалькі ступеняў, дык пачынаюцца зрухі».

Берасцейскі райвыканкам не адказаў на пісьмовы запыт «Белсату». У кабінеце адказнага ў пытаннях інфраструктуры ў Берасцейскім раёне – увесь дзень ніхто не здымаў слухаўкі.

Ганна Мордань, belsat.eu