«Мы нават больш не лічым мёртвых»: Італія стала лідарам у свеце па колькасці ахвяраў каронавіруса


Італьянскія медыкі даведзеныя да крайнасці праз стрэс і напружанне – яны не спраўляюцца з імклівым ростам колькасці ахвяраў каронавіруснай хваробы, – папярэджвае медсястра:

«Праблема ў тым, што шмат нашых працаўнікоў застаецца ўдома, бо ў іх станоўчы вынік тэсту на COVID. Нас засталося мала, каб паўсюль даваць рады. Добра, што нягледзячы на рэальнасць, з якой мы сутыкнуліся, мы застаемся адважнымі».

Італія апярэджвае ўвесь свет па колькасці памерлых ад наступстваў заражэння каронавірусам. У спісе ахвяраў – амаль 5 тысяч чалавек. Інфікаваных у краіне 53,5 тысячы. Папа Францішак заклікаў маліцца за збаўленне свету ад каронавіруса:

«Будзем разам з нашымі дактарамі, медперсаналам, медсёстрамі і валанцёрамі! А таксама з уладамі, якія мусяць прымаць цяпер цяжкія рашэнні, каб было лепш усім».

Цырымонія пахавання на могілках у Бергамо, 16 сакавіка 2020 г.
Фота: FLAVIO LO SCALZO / Reuters / Forum

Улады Італіі пашыраюць захады ў барацьбе з распаўсюдам каронавіруса. Італьянскія фірмы і прадпрыемствы, дзейнасць якіх не лічыцца жыццёва неабходнай, мусяць закрыцца да трэцяга красавіка.

Супермаркеты, аптэкі, пошта, банкі, а таксама грамадскі транспарт працягнуць працаваць.

«Я пастанавіў заклікаць вас усіх да ўдзелу ў пераадоленні выкліку, з якім мы сутыкнуліся. Гэта самы цяжкі крызіс, які краіна перажывае пасля вайны», – гаворыць прэм’ер-міністр Італіі Джузэпэ Контэ.

Злучаныя Штаты Амерыкі выйшлі на трэцяе месца ў свеце – пасля Кітаю ды Італіі – паводле колькасці заражаных каронавірусам. Выпадкі зарэгістраваныя ўва ўсіх штатах. Інфікаваныя амаль 27 тысяч асобаў.

«Больш за 195 тысяч чалавек у Злучаных Штатах былі правераныя на каронавірус і атрымалі вынікі», – паведамляе памочнік аховы здароўя ЗША Брэт Джыруа.

Агулам у свеце зарэгістравалі 316,5 тысяч выпадкаў каронавіруснай інфекцыі. Паводле Сусветнай арганізацыі здароўя, на распрацоўванне вакцыны супраць гэтага віруса спатрэбіцца не менш за год.

Анастасія Русецкая, «Белсат»