МВФ не дасць Беларусі крэдыту, бо Лукашэнка не хоча рэформаў


Запаветны крэдыт на 3 мільярды долараў адмяняецца. Міжнародны валютны фонд не ўбачыў у кіраўніцтва Беларусі жадання праводзіць рэформы.

«Дыскусія наконт новай праграмы спынена. Мы чакаем выразнасці ў пытанні, ці ёсць у Беларусі высокі ўзровень падтрымкі для іншай палітыкі, асабліва гэта датычыць дзяржаўных прадпрыемстваў і камунальнага сектара», – зазначыў афіцыйны прадстаўнік МВФ Ўільям Мюрэй.

Яшчэ ўвесну выдавалася, што праграму паміж Беларуссю і МВФ падпішуць

Сярод іншага, віцэ-прэм’ер Васіль Мацюшэўскі заяўляў, што ўсе моманты былі абгавораныя, заставалася толькі палітычная воля.

Наўзамен крэдыту МВФ патрабаваў спыніць практыку фінансавання стратнай прамысловасці ды павысіць тарыфы на ЖКГ і грамадскі транспарт аж да самаакупляльнасці. Кіраўніцтва Беларусі заявіла, што згоднае з часам падняць аплаты для насельніцтва, але пакуль не гатовае да прыватызацыі дзяржаўных прадпрыемстваў.

«Урад усё што такі распрацоўваў праграму рэформаў, узгадняў яе з Міжнародным Валютным фондам, таму што становішча было такое, што яны баяліся – больш не будзе што рабіць, і тады, напэўна спадзяваліся, што ім удасца ўгаварыць Лукашэнку», – мяркуе эканаміст Леў Марголін.

Пазней неабходнасць у крэдыце адпала

Беларусь атрымала транш крэдыту ад ЕАЭС на $ 700 млн, а таксама размясціла еўрабонды на $ 1,4 млрд. Улады пастанавілі пачакаць з непапулярнымі рэформамі да наступнага крытычнага моманту.

«Улады дагэтуль не ўсведамляюць неабходнасць гэтых рэформаў, яны ставяцца да іх, як да нейкіх патрабаванняў пэўных арганізацый. І калі зусім кепска, зусім няма грошай, то тады можам пайсці насустрач», – тлумачыць логіку дзяржавы эканаміст Вадзім Іосуб.

Тым часам вядома, што Беларусь цягам наступнага года павінная выплаціць амаль $ 3 млрд. вонкавага доўгу. Як вынік? Ніякіх рэформаў не прадугледжваецца, а ўзятыя крэдыты пойдуць на пагашэнне мінулых пазыкаў.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат», фота: Mikhail Metzel / TASS / Forum