«Мужу на нагу ўпала цэгла». Ганак у жылым доме ў Магілёве можа абрынуцца на людзей


30 гадоў без капітальнага рамонту. Жыхары шматпавярховіка ў Магілёве літаральна баяцца за сваё здароўе, штодня выходзячы з дому. Пад’езд даў расколіны і пачаў разбурацца. Прычым засцерагчы ганак ад абрушэння камунальныя службы не спяшаюцца.

«Валіцца сценка, і ў падʼездзе. Вось сюды яшчэ зайдзіце, паглядзіце, хутка абваліцца ўсё на свеце».

Жыхары дому нумар 30 а на вуліцы Будаўнікоў у Магілёве баяцца, што ўваход у падʼезд можа разваліцца ды прыбіць кагосьці. Біць у званы людзі пачалі пасля таго, як адна з частак сцяны проста абсыпалася. Жыхарка дому Валянціна Русецкая распавядае:

«Я затэлефанавала тады, калі абвалілася пліта. Добра, што дзяцей не было. Муж стаяў, яму на нагу ўпала цэгла, ён тут паліў. Патэлефанавалі, яны сказалі: добра, зараз мы не можам, бо зіма».

Камунальнікі вялікай праблемы не бачаць. Намеснік кіраўніка ЖЭУ нам паведаміў, што касметычны рамонт правядуць улетку.

«Гэта тынкоўка. Нічога аварыйнага абсалютна няма. Проста адабʼецца цалкам і затынкуецца ды зафарбуецца – і ўся праблема», – заявіў Дзяніс Данькоў, намеснік кіраўніка ЖЭУ 13.

Тым не менш, людзі абураныя, не разумеюць, навошта трэба было зацягваць і даводзіць дом да жудаснага стану. Жыхар дому Іван Салаўёў абураецца:

«Чаму яны не робяць рамонту? Плаціць мы плацім грошы за капрамонт. Каб пафарбавалі або замазалі. Дзе яны што зрабілі? Яны нічога не зрабілі!»

Жыхары лічаць, што цяпер неабходна рабіць не проста аварыйны, а капітальны рамонт дому. 30 гадоў прайшло з таго моманту, як яны засяліліся ў гэты дом, і капітальнага рамонту тут ніколі не было. Жыхарка дому Марыя Папова распавядае:

«Прыйшлі, пазамазвалі, і што яны пазамазвалі? Там шчыліна. Калі халодна, пачынае дзьмуць. Цячы ўсё, вунь, усё паразвальвалася. Пляцоўкі якія брудныя, тут усё пабіта-паламана. А грошы плацім, капрамонт плацім».

Але што і калі рабіць у сваім доме за свае ж грошы – вырашаюць не жыхары.

Вольга Чайчыц, belsat.eu