МУС Юрыя Караева: пачалася сапраўдная лібералізацыя?

Завялі «Тэлеграм», дазволілі фатаграфавацца з гарадавым, пазітыўна зарэкамендавалі сябе падчас «Еўрапейскіх гульняў». Міністэрства ўнутраных справаў, якое больш за месяц ачольвае міністр Юрый Караеў, становіцца нібыта ўсё больш адкрытым для журналістаў. А як выглядае сітуацыя з простымі грамадзянамі?

Адразу дваіх п’яных праваахоўнікаў за стырном затрымалі ў мінулыя выходныя, распавяла ў Тэлеграм-канале прэс-сакратарка міністэрства Вольга Чамаданава. Атрымаць падобную інфармацыю, тым больш праз афіцыйны канал гэткай закрытай структуры, як МУС, пры былым міністру Ігару Шуневічу – такое ўявіць было вельмі цяжка.

Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні БАЖ:

«Некалькі разоў беларускія журналісты звярталіся па інфармацыю ў МУС і адказы атрымлівалі. То бок Міністэрства ўнутраных справаў прадстаўляла такую інфармацыю, хоць паводле інерцыі ці па-старынцы затрымалі здымачную групу тэлеканалу «Белсат», то бок міліцыянты па-ранейшаму падазрона, асцярожна ставяцца да журналістаў».

Адносную лібералізацыю з боку міністэрства, якое ачольвае Юрый Караеў, заўважыў і журналіст Сцяпан Святлоў, вядомы таксама як блогер Нехта. Аднак дадае: не ўсе дэталі, якія трапляюць да яго праз асабістыя крыніцы, даходзяць да грамадскасці праз афіцыйных прадстаўнікоў МУС.

«Напрыклад, пра здарэнне з міліцэйскім аўтам, якое здарылася ў Рэчыцы. У паведамленні пра сітуацыю, калі міліцыянт збіў раварыста, забыліся дадаць, што міліцыянт быў пʼяны. І гэтак далей. То бок адкрытасць захоўваецца толькі вонкава», – каментуе Сцяпан Святлоў, журналіст, блогер Нехта.

А вось грамадскія актывісты, якія трымаюць вахту каля рэстарацыі «Паедзем паядзім» у Курапатах, не адчулі хоць якой лібералізацыі з боку падначаленых Юрыя Караева. Павел Севярынец, БХД:

«За апошні месяц тры разы затрымлівалі толькі адных маладафронтаўцаў. Нават пры Шуневічу, каб тры затрыманні і суды (як, да прыкладу, над Дзянісам Урабановічам, які цяпер ідзе), такога не было».

А якіх крокаў чакаюць ад ведамства Юрыя Караева самі беларусы?

«Лаяльнае стаўленне мусіць быць да тых жа самых інвалідаў і сталых людзей, якіх яны шчымяць у пераходах».

«Каб яны прапагандавалі, што міліцыянт – абаронца парадку, абаронца грамадзянаў».

«Каб яны любілі сваю працу і любілі людзей, з якімі ім даводзіцца працаваць».

«Яны народу не дапамагаюць. А наагул я хачу вам вось што сказаць – рыба гніе з галавы», – кажуць жыхары Менску.

А таму, як бы далей ні лібералізавалася сілавое міністэрства, заўсёды варта памятаць пра галоўны наказ, які кіраўнік Беларусі даў міністру Юрыю Караеву падчас ягонага прызначэння.

Віталь Бабін, belsat.eu

Глядзі таксама