Мор рыбы ўжо ў двух абласцях краіны


Спачатку на Гарадзеншчыне, а цяпер і на Гомельшчыне зафіксавалі масавы мор рыбы. У вадаёме на тэрыторыі Кармянскага раёну, таксама як і ў Нёмне ўзялі пробы для даследавання прычынаў замору.

Найпрыгажэйшая беларуская рака Нёман бярэ пачатак у самым сэрцы нашай краіны. Яе любяць адпачывальнікі і рыбакі: тут водзяцца акунь, шчупак, лешч, плотка, карась і судак. У мінулыя выходныя ў ваколіцах Горадні рыбакі пабачылі процьму рыбінаў… але мёртвых.

«Там мільёны рыбінаў, зверху плёнка. І гэтая рыба, такое адчуванне, што гэтая рыба есць рыбу, выскоквае і есць. А навокал усе мёртвыя. Гэта было страшнае відовішча», – узрушана кажа Васіль Веснін, жыхар пасёлку Берагавы.

Мясцовыя жыхары прызнаюцца: падобнае на сваім вяку пабачылі ўпершыню:

«Тут чыстая вада была. Ракі вадзіліся. Цяпер вы бачыце, якія яны ляжаць. Ракі ўжо мёртвыя».

Забілі ў набат і эколагі. Кіраўнік арганізацыі «Экаманіторынг» па Гарадзеншчыне Яўген Філімонаў, якія пабываў на месцы здарэння, распавёў «Белсату» пра магчымыя прычыны масавага мору рыбы:

«Могуць браканьеры карыстацца электрычнымі водамі. Мог адбыцца выкід хімічных рэчываў, якімі апрацоўваюць палі. Мог адбыцца прарыў і скіданне каналізацыйных стокаў. Мог адбыцца выкід з ачышчальных пабудоваў. Можа адбыцца кіслароднае галаданне, якое адбываецца ў той момант, калі рэзкія перапады тэмпературы».

Эколагі зафіксавалі памерлую рыбу на 20-цікіламетровым адцінку Нёмну. То бок калі прычына – сцёкі хімікаліяў з палёў, то ў раку мусіў бы трапіць вялізны аб’ём небяспечных вадкасцяў.

«Калі гэта выкіды з ачышчальных збудаванняў, каб знішчыць рыбу на такой адлегласці, то таксама гэта павінныя быць гіганцкія аб’ёмы. Людзі забілі б у набат, калі б пабачылі змены ва ўзроўні вады ці вонкавы выгляд вады», – кажа эколаг.

Што прывяло да трагедыі, разбіраюцца і афіцыйныя структуры. Асноўная версія, агучаная абласным Камітэтам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, – нізкі ўзровень кіслароду ў вадзе і яе высокая тэмпература. Першыя вынікі пробаў вады з Нёмну апублікаваў сёння і літоўскі бок, які падвышанага забруджвання не зафіксаваў.

«Каб разабраліся: або хімія або арганіка, каб дасканала расследавалі, знайшлі, хто ў гэтым вінаваты».

«Улады хай закон свой выконваюць, тады ўсё будзе нармальна, каб кожны ставіўся да сваёй справы нармальна».

«Вінаватых у гэтай трагедыі, а вінаватыя ёсць, іх трэба знайсці і іх трэба судзіць», – кажуць жыхары пасёлку Берагавы.

Мор рыбы здараўся на Нёмне і раней, аднак гэткіх маштабаў дагэтуль не дасягаў. Афіцыйныя вынікі даследаванняў як беларускія, гэтак і літоўскія эксперты абяцаюць прадставіць на наступным тыдні.

Вольга Старасціна, «Белсат»