Міжнародны скандал: чаму літоўцы ўспрымаюць Беларусь як пагрозу?


8 гадоў таму Даля Грыбаўскайце першаю адчыніла для да таго часу невыязнога Аляксандра Лукашэнкі браму на Захад. Прэзідэнт Літвы тады казала пра добрасуседства і ўмацаванне эканамічных і палітычных дачыненняў паміж нашымі краінамі.

Апошнім часам стасункі Літвы і Беларусі пагоршыліся

Напярэдадні Міністэрства замежных справаў нашай краіны выклікала амбасадара Літвы, палічыўшы абразаю для нашай краіны словы Далі Грыбаўскайце пра тое, што самое суседства з Беларуссю – пагроза краінам Балтыі ды Польшчы.

Гэткія рэзкія словы кіраўніцы суседняй краіны… прыпісалі пракрамлёўскія медыі. Не разбіраючыся ў тонкасцях перакладу, беларускі бок прыняў расейскую інтэрпрэтацыю сказанага першай асобаю Літвы.

«Выклік амбасадара – гэта такія рытуальныя танцы, якія закліканыя пацвердзіць незалежнасць і суверэнітэт Беларусі, яе незалежнай пазіцыі. Маўляў, нікому не дазволена падымаць голас на нас, асабліва такой маленькай краіне як Літва, гэта чыталася паміж радкоў, але ні да чаго больш рэзкага гэта не прывядзе», – тлумачыць палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Літоўцы захоўваюць спакой

Нярэзка на выклік беларускага амбасадара адрэагаваў кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Літвы. Міністр замежных справаў Лінас Лінкявічус адзначыў, што Літва шануе эканамічнае партнёрства з Беларуссю, але разам з тым не можа ігнараваць праблемаў, якія існуюць у нашай краіне. Такой жа думкі прытрымліваецца і літоўскі дэпутат Эгідзіюс Варэйкіс.

Недэмакратычнасць Беларусі – перашкода добрым дачыненням

Пагрозу ж заходнія краіны больш бачаць у Расеі.

«Пагрозу ўяўляе Расея, якая з партнёраў робіцца напраўду краінаю канфлікту, не з віны НАТО, з віны Масквы. І мы не можам сказаць, што шчыльная супраца паміж Масквою і Менскам нас не хвалюе», – даводзіць спадар Варэйкіс.

Хвалюе літоўскі бок і ўласнабеларускі праект – будаўніцтва астравецкай АЭС. Урад Літвы сёння выступіў з чарговым заклікам да ўладаў Беларусі спыніць будаўніцтва атамнай станцыі.

Вольга Старасціна, «Белсат», фота: grybauskaite1.lrp.lt