«Міс свету на вазку». Беларускі – аб прычынах удзелу ў конкурсе


Няспынныя рэпетыцыі – ужо тыдзень 24 фіналісткі з усяго свету даводзяць да ідэалу танечныя элементы конкурсных нумароў. У нашых заходніх суседзяў міс на вазку выбіраюць рэгулярна, але яшчэ ніколі не было імпрэзы – міравога размаху. Галоўнае ж адрозненне ад шараговых спаборніцтваў – атмасфера, што пануе сярод удзельніцаў.

«Яны падтрымліваюць адна адну. Натуральна, што гэтыя некалькі дзён перад фіналам патрабуюць інтэнсіўнае падрыхтоўкі, у тым ліку фізічнай. Часам гэтыя эмоцыі назапашваюцца, маўляў – а яна лепш за мяне таньчыць, але гэты конкурс не пра тое, каб найлепш зрабіць нейкі элемент, а пра тое, каб прадэманстраваць сваю сілу і волю», – зазначыла дарадца мэра Варшавы па грамадскіх пытаннях Караліна Мальчык.

Большасць удзельніц трапілі на конкурс праз нацыянальны адбор

У нашай краіне няма не толькі падобных імпрэзаў, але нават сродкі на паездку давялося шукаць самім. Першую ў Беларусі мадэль з цэрэбральным паралічам Ангеліну Ўэльскую падтрымліваў цэлы шэраг установаў і кампаніяў, а таксама: айчынныя дызайнеры, што дапамаглі з гэтай шыкоўнай сукенкай Радзівілаўскага ўзору. Мама і менеджар Ангеліны, спадзяецца выправіць сітуацыю да наступнага конкурсу

«Грамадства бачыць жаночую прыгажосць у стандартным афармленні. Па-за ім нашае беларускае грамадства яшчэ яго не бачыць, хіба таму і ня хочуць праводзіць падобныя конкурсы ў нашай краіне. Але я спадзяюся, гледзячы на арганізацыю гэтага мерапрыемства, мы вернемся і абвесцім ініцыятыву аб правядзенні такога конкурсу ў нашай краіне», – заявіла Вольга Ўэльская.

Справа не толькі ў кароне пераможцы

Дзяўчыны раяць усім інвалідам вазочнікам забыцца на акрэсленне – «абмежаваныя магчымасці». Урэшце, як паказвае іхны ўласны прыклад, вазок – гэта не прысуд.

«Самае галоўнае – не баяцца, што на цябе хтосьці будзе інакш глядзець. Трэба паважаць самога сябе, паважаць і любіць. І тады зменіцца і стаўленне людзей. Я ўсё гэта праходзіла, але навучылася не звяртаць увагі на грамадства і дзякуючы гэтаму стала першай мадэллю з ДЦП у Беларусі», – кажа Ангеліна.

Фіналістка конкурсу нарадзілася з ДЦП – хвароба, якая патрабуе неверагодных высілкаў, дзеля таго, каб проста змагчы весці падобную размову. Другая прадстаўніца Беларусі Аляксандра Чычыкава села на вазок пасля траўмы, якую атрымала, калі ўжо вучылася на першым курсе.

Дзяўчыну трагедыя не зламала

«Мая галоўная мэта – гэта паказаць усім людзям, што мы каманда, што мы ўсе разам працавалі над гэтым мерапрыемствам, каб разбурыць стэрэатыпы, якія стварыліся вакол жанчын на вазку, дый тых, хто проста мае інваліднасць. Пабароць гэтае ўяўленне, маўляў, мы бедныя, няшчасныя, пашкадуйце нас. Не – мы моцныя, мы можам крочыць наперад, дасягаць пастаўленых мэтаў», – даводзіць Аляксандра.

Усе ўдзельніцы ўжо давялі гэта і спадзяюцца, што іхны прыклад толькі натхніць іншых.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»