Мінпрыроды просіць не пакідаць без дапамогі дзікіх жывёлаў

Мы нясем адказнасць за тых, каго прыручылі. Падчас каронавіруснай эпідэміі варта прыгадаць гэта і падтрымаць тых, хто не можа папрасіць самастойна – гадаванцаў заапаркаў, цыркаў дый цэнтраў дапамогі.

Ірына Траяноўская заснавала цэнтр «Сірын», найперш каб дапамагаць дзікім птушкам і жывёлінам, якія апынуліся ў бядзе, з магчымасцю вярнуць іх у натуральнае асяроддзе ці ўладкаваць у надзейныя рукі. У цэнтры на ўтрыманні – прыблізна шэсцьдзесят гадаванцаў.

«Вязуць жывёлінаў розных памераў. Раней гэта былі птушкі і максімум лісы, цяпер нам прапануюць казуляў, ласёў, медзведзянятаў. Вось барсука прывезлі. Гэта спецыфічная жывёліна, якую ў такі вальер не пасадзіш. Давялося выселіць лісу і заняць ейны вальер барсуком», – кажа заснавальніца цэнтру «Сірын» Ірына Траяноўская.

Цяпер «Сірын» на мяжы закрыцця. Фінансавыя цяжкасці цэнтр пачаў зазнаваць яшчэ напачатку зімы. Каронавірусная пандэмія толькі пагоршыла сітуацыю: сышлі спонсары, адмяніліся імпрэзы, якія дазвалялі зарабіць на ўтрыманне жывёлы.

«Калі здарыўся крызіс – і фінансавы, і пандэмія, то мы зразумелі, што, хутчэй за ўсё, назбіраць грошы нам не ўдасца, калі не здарыцца нейкі цуд. Бо былі мецэнаты ў Нямеччыне, якія цяпер перасталі выходзіць на сувязь», – распавядае Ірына.

Негатыўна COVID-19 адбіўся і на еўрапейскіх заапарках. Шмат якія з іх аказаліся ў складаным становішчы па ўвядзенні каранціну. Гэтак, прыватны заапарк нямецкага гораду Ноймюнстэр, пазбаўлены дзяржаўнага падтрымання, быў вымушаны скласці спіс жывёлінаў для ўсыплення.

«Ахвяраванні – адзіная крыніца даходу падчас часовага закрыцця. І публікацыя спісу на ўсыпленне, безумоўна, прынесла плён. Заапарку ўдалося забяспечыць сябе да сярэдзіны траўня», – заявіла дырэктарка заапарку Вэрэна Каспары ў спадзеве, што неўзабаве ім дазволяць адкрыцца зноў.

У Беларусі каранцін не ўведзены. Аднак, каб пазбегчы неспрыяльнай сітуацыі, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя загадзя звярнулася да экалагічнай супольнасці з просьбаю падтрымаць цэнтры дапамогі дзікім жывёлінам, заапаркі ды цыркі пры неабходнасці.

«Тут усё адрасна і ў залежнасці ад кожнай установы, што ім беспасярэдне патрэбна. Менавіта з гэтай нагоды мы не стваралі асобнага рахунку. З гэтай жа прычыны і звярнуліся да грамадскіх арганізацыяў, бо ім прасцей зарганізаваць збор сродкаў і досвед у гэтым яны маюць», – патлумачыла прадстаўніца Мінпрыроды Таццяна Жалязнова.

Паводле прадстаўнікоў Менскага заапарку, пакуль патрэбы ў дапамозе няма. І ўсё ж у міністэрстве просяць быць пільнымі ды не адмаўляць у валанцёрскай ці фінансавай дапамозе, калі яна патрэбная. Цэнтр «Сірын» можна падтрымаць ужо цяпер: перавесці грошы на рахунак, перадаць харчы ці стацца апекуном якой-небудзь жывёліны. Больш інфармацыі – на сайце sirin.by у раздзеле «Дапамога».

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»

Глядзі таксама