Міністр замежных справаў Польшчы: Мы зробім усё, каб падтрымаць суверэнітэт Беларусі


Варшава падтрымлівае нармалізацыю дачыненняў з афіцыйным Менскам, але выкананне правоў чалавека беларускімі ўладамі – неабходная ўмова дыялогу. Такі каментар даў сёння «Белсату» міністр замежных спраў Польшчы падчас афіцыйнага візіту ў Беларусь. Яцэк Чапутовіч – не адзіны высокапастаўлены палітык краін Еўрасаюза, які прыехаў у гэтыя дні ў беларускую сталіцу.

Яцэк Чапутовіч прыехаў у Беларусь як удзельнік Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі аб бяспецы. Але не абмежаваўся сустрэчаю з Аляксандрам Лукашэнкам і сваім беларускім калегам Уладзімірам Макеем. У Дзень усіх святых, важнае каталіцкае свята, кіраўнік польскай дыпламатыі наведаў Кальварыйскія могілкі ў Менску разам з прадстаўнікамі Саюза палякаў у Беларусі, а перад гэтым сустрэўся з Ганнаю Канапацкай і Аленай Анісім – адзінымі апазіцыйнымі дэпутатамі ў Палаце прадстаўнікоў.

«Маю ўвагу звярнулі на тое, што ўладам Беларусі яшчэ вельмі шмат трэба зрабіць у пытанні захавання правоў чалавека. Таксама я пачуў вельмі цёплыя словы пра тэлебачанне «Белсат», якое інфармуе гледачоў аб парушэннях правоў чалавека», – гаворыць Яцэк Чапутовіч, міністр замежных справаў Польшчы.

Саюз палякаў у Беларусі, як і «Белсат«, працуе практычна ў падпольным статусе – цэлыя 13 гадоў. Хелена Марчукевіч, віцэ-старшыня Саюзу палякаў у Беларусі каментуе:

«Цяпер наш Саюз не зарэгістраваны, і няма той свабоды, каб рабіць нашую справу адкрыта. Гэта трохі замінае. Але, нягледзячы на ўсе праблемы, мы ёсць і будзем».

Для ўладаў Беларусі суседскія патрабаванні не парушаць правоў чалавека – непрымальныя. Яшчэ ўчора Аляксандр Лукашэнка, адкрываючы канферэнцыю ў Палацы незалежнасці, заявіў, што хутка еўрапейскія палітыкі самыя прыедуць да яго вучыцца дэмакратыі:

«Асобныя нашы заходнія партнёры – у захапленні ад пазіцыі Менску што да Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, Крыму і Данбасу. Але як толькі даходзіць да канкрэтных пытанняў узаемадзеяння, то ў нас, аказваецца, ёсць праблемы з правамі чалавека. Вось у Беларусі – праблемы з правамі чалавека, а больш нідзе іх няма».

Еўрапейскія кіраўнікі прызнаюць, што ў нашай краіне сітуацыя з правамі ды свабодамі не палепшылася. Аднак цяпер, як мяркуе міністр, больш карысныя візіт і празрысты дыялог, а не ранейшая ізаляцыя ўладаў Беларусі.

«Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што яго турбуе, як ён выказаўся, форт «Трамп», павелічэнне прысутнасці амерыканскіх войскаў у Польшчы. Я паведаміў яму, што гэта рэакцыя на агрэсіўныя дзеянні Расеі, і гэтыя войскі ніяк не пагражаюць Беларусі», – зазначае Яцэк Чапутовіч, міністр замежных справаў Польшчы.

Як заявіў міністр замежных справаў Польшчы падчас канферэнцыі, адзіны шлях вярнуць атмасферу даверу ў Еўропе – гэта выконваць міжнароднае заканадаўства. Праўда, Расея працягвае парушаць яго адносна Украіны. Яцэк Чапутовіч, міністр замежных справаў Польшчы:

«Мы будзем рабіць усё, каб падтрымаць суверэнітэт Беларусі, яе ідэнтычнасць, звяртаючы ўвагу на пытанні захавання правоў чалавека і палітычных свабодаў, якія застаюцца пэўнай умоваю нармалізацыі нашых стасункаў».

Таксама ў межах візіту Яцэк Чапутовіч наведаў вёску Дунілавічы ў Віцебскай вобласці, дзе ўзяў удзел у асвячэнні могілак польскіх жаўнераў, якія загінулі ў савецка-польскай вайне 1920-га года. Надмагіллі былі адрэстаўраваныя на сродкі нашых заходніх суседзяў.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu