Міністэрства прыроды адказала на петыцыю аб забароне працы жывёлінаў у цырку


Для адных – радасць наведваць цырк, для іншых – боль, бо за кожным выступам жывёлінаў стаяць гады жорсткай дрэсіроўкі. Больш за 10 тысячаў беларусаў падпісаліся пад петыцыяй аб забароне выкарыстання жывёлінаў у цырках. Сёння прыйшоў адказ на петыцыю з Міністэрства прыроды.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

«Бізнес на крыві» – такую назву атрымала петыцыя аб забароне выкарыстання жывёлінаў у цырку. Пад зваротам падпісаліся больш за 10 тысячаў асобаў. На яго адказала Міністэрства прыроды. Паводле ведамства, пытанне адносінаў да жывёлінаў у культурніцкіх мерапрыемствах – не ў кампетэнцыі Міністэрства прыроды, і мусіць быць перанакіраванае да Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі або дэпутатаў парламенту.

«Гэты адказ аніяк не паўплывае на сітуацыю з жывёлінамі ў цырках, бо мы бачым яўнае перакладанне адказнасці з Мінпрыроды, які адказны за дзікіх жывёлінаў у любым выпадку, нават пры адсутнасці асобнага заканадаўства аб жывёлінах», – лічыцца дырэктару цэнтру «Анімалекс» Анастасія Жаўрыд.

Афіцыйны каментар у Беларускім дзяржаўным цырку нам паабяцалі даць толькі праз 2 дні. Адмовіліся з намі размаўляць і ў трох менскіх кантактавых заапарках. Атрымаць аператыўны каментар у Міністэрстве прыроды таксама не ўдалося. Што думаюць наконт выкарыстання жывёлінаў у цырках менчукі?

«Цырк ёсць цырк, і дзеці, напэўна, патрэбна ім гэта – хоць у цырку пабачыць жывёлінаў».

«Лічу, што гэта нармальная сітуацыя, трэба глядзець дзецям на такія забаўкі. Я нічога кепскага ў гэтым не бачу».

«Калі праўду паказваюць у тэлевізары, як іх дрэсіруюць, б’юць ды голадам мардуюць – то я сапраўды супраць».

У Беларусі няма адмысловага заканадаўства аб правах жывёлінаў, але існуюць нормы, прынятыя міжнароднаю супольнасцю. Паводле іх у жывёлінаў ёсць права на жыццё, натуральныя ўмовы існавання ў асяродку, ажыццяўленне натуральных патрэбаў.

«У цырку жывёліны перабываюць у ненатуральных умовах, бо тут яны пазбаўленыя свабоды: свабоды перамяшчэння, свабоды выбару, любой іншай свабоды», – кажа прафесар, адмыслоўца ў справах біяэтыкі Таццяна Мішаткіна.

Цяпер выкарыстанне жывёлінаў у цырку забароненае ў 45 краінах свету. Украіна сярод апошніх увяла забарону восенню 2019 года.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu