Міністэрства адукацыі пераносіць пачатак заняткаў у ВНУ


Міністэрства адукацыі змяніла пачатак заняткаў у вышэйшых навучальных установах па ўсёй краіне. А ў адной з менскіх школаў адміністрацыя прапаноўвае бацькам на тыдзень пакінуць дзяцей дома.

У сталічнай школе нумар 212 у аднаго са школьнікаў падазраюць каронавірусную інфекцыю. Учора ўсіх вучняў адпусцілі дадому, а сёння бацькі прыйшлі напісаць заявы, што дзеці часова не будуць наведваць навучальнай установы. Бацькі навучэнцаў школы № 212:

«Я вырашыў, што часова пакуль хадзіць не будзем. Чаму? Што вы, не ў Беларусі жывяце, не ведаеце, якая ў нас абстаноўка ў краіне?»

«Я вырашыла перастрахавацца, няхай пасядзяць дома. Нічога ён там асабліва не згубіць, інфармацыю мы будзем атрымліваць па ўроках».

«Нашая пазіцыя такая: мы не ведаем, што адбываецца і чаму верыць. Таму і прымаем такое рашэнне».

Не пайшлі сёння на заняткі і некаторыя студэнты МДЛУ. Яны абвесцілі байкот і патрабуюць неадкладна ўвесці каранцін ува ўсіх універсітэтах. Арганізатарка акцыі Ліза Пракопчык з сёння стараецца не пакідаць інтэрнату. Але такіх, як яна, няшмат.

«Я ўчора размаўляла са студэнтамі і студэнткамі: я думаю, максімум кожны пяты не выйшаў ці не выйшла. Бо многія кажуць, што гэта нічога не вырашыць», – кажа Ліза Пракопчык

У лінгвістычным універсітэце адміністрацыя адмяніла лекцыі з вялікаю колькасцю студэнтаў. А таксама, як і ў іншых менскіх ВНУ, абмежавала доступ у будынак пабочных людзей. Студэнты МДЛУ:

«Хтосьці па-сапраўднаму баіцца, хтосьці проста хоча прагуляць пары, але нейкага моцнага руху ў гэтым кірунку не назіраецца».

«Вы прыехалі вучыцца: чаму вы не вучыцеся? Інфікаваных няма, адкуль такая паніка».

Ва Універсітэце культуры і мастацтваў заняткі ў буйных групах адмененыя. Студэнтка чацвертага курсу Паліна падпісвала заяву пра ўвядзенне каранціну. Але ў адміністрацыі кажуць, што гэта не ў кампетэнцыі ўніверсітэту.

«Ёсць некаторыя людзі, каторыя не прыходзяць. Я ў іх запытвала, яны кажуць, што баяцца хадзіць, бо вірус. Пакуль у мяне ёсць выходныя – я пасяджу падумаю і, магчыма, я не буду хадзіць на пары», – кажа студэнтка БДУКМ Паліна.

Гомельскія ж студэнты наагул не падтрымліваюць байкоту сваіх сталічных калегаў:

«А навошта ўводзіць каранцін, калі і так людзей вакол шмат?»

«Я не ведаю, наколькі можна гэтую ўсю сістэму перавесці ў дыстанцыйнае навучанне. Пакуль і так усё добра».

Міністэрства адукацыі з панядзелка змяняе графік заняткаў ва ўніверсітэтах. Пачатак лекцыяў і семінараў пераносяць на прамежак часу паміж дзявятаю трыццаць і дзясятаю гадзінай у залежнасці ад установы. Гэтак, чыноўнікі хочуць, каб студэнты пазбягалі вялікага збору людзей у гадзіну пік.

Наста Кахановіч, «Белсат»

Фота: Mikhail Semyonov / TASS / Forum