Міністэрства адукацыі і UNICEF адкрыюць у Магілёве цэнтр інклюзіўнай адукацыі ў дапамогу дзеткам-аўтыстам


2 красавіка – гэта яшчэ і Міжнародны дзень інфармавання пра аўтызм – асаблівасць развіцця, якая замінае людзям інтэгравацца ў грамадства. Каб дапамагчы дзецям-аўтыстам раскрыць свой патэнцыял, сёлета ў Магілёве пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і фонду Юнісэф адкрыецца «Рэсурсавы цэнтр інклюзіўнай адукацыі».

«А гэта што – дом патанае?» – пытаецца ў мамы сынок, разглядаючы малюнак у кніжцы. «Не, сынку, не тоне, каля яго папросту цячэ рака», – адгукаецца ўважлівая матуля 5-гадовага Жорыка Валерыя Баскава. Сына яна гадуе ў Магілёве без мужа, той пакінуў сям’ю праз складанасці з дыягназам сына. У Жорыка адрознае ад агульнага ўспрыняцце свету і прывязанасць да ўлюбёных заняткаў. Ён мае аўтызм трэцяй ступені.

«Гэта можа праяўляцца ў наўпроставым візуальным кантакце з іншым чалавекам, камунікатыўныя навыкі. Вельмі часта ў такіх дзетак адсутнічае адчуванне часу, адчуванне сябе, але гэта не хвароба, гэта ні ў якім разе не перадаецца. Гэта асаблівасці», – тлумачыць Валерыя Баскава.

Мама Валерыя ўжо даўно прыняла псіхалагічныя асаблівасці сына. Перадусім – патрэбу ў прадказальнасці, рытуальнасці:

«Мы мелі падобны выпадак у аўтобусе – паехалі далей літаральна на 2 прыпынкі. У яго быў крык, паніка. Я не магла на той момант спакойна яму патлумачыць, неяк супакоіць і заверыць, што ўсё ў парадку. І людзі глядзелі як на дзікую звярушку, маўляў «што адбываецца?»… і было непрыемна».

Часта для бацькоў гэткае стаўленне апынаецца большаю праблемаю, чымся дыягназ дзіцяці. Выкладчыца-псіхолаг Наталля Каралькова:

«Гэта праблема, калі яны напрыклад выходзяць у грамадства, у пясочніцу і баяцца – як успрымуць іхнага дзіцёнка. Гэта страх, што нехта можа яго пакрыўдзіць. Нехта можа не зразумець і таго ж бацьку ці маці крытыкаваць».

Найспакайней семʼям у сістэме аднадумцаў. Напрыклад, у Магілёўскім абласным карэкцыйным цэнтры займаюцца з дзеткамі, якія маюць сіндром Даўна, ДЦП і аўтызм.

«Тут спецыялісты аказваюць падтрыманне, працуе псіхолаг, дэфектолагі. Працуюць менавіта па вызваленні таго патэнцыялу ў дзіцяці, які ёсць», – кажа Наталля Каралькова.

Напрыклад, Жорык любіць чытаць, маляваць і танчыць. Ягоныя аднагрупнікі – ахвоча лепяць з пластыліну ці захапляюцца актыўнымі гульнямі. Кожны выхаванец мае дапасаваную да характару прастору, свой куточак.

Каб гэтаксама ўтульна адчувалі сябе ў агульнадаступным асяроддзі – Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў у календары замацавала за 2 красавіка Сусветны дзень распаўсюджання інфармацыі пра аўтызм. Дзе-нідзе ў краіне сёння прайшлі адмысловыя акцыі. Магілёўская мела назву «Адкрытае сэрца».

«Адмыслова для гэтага мы распрацавалі буклеты, у якіх напісана, што такое аўтызм, як яго пазнаць у дзіцяці малодшага ўзросту ці ў дарослага чалавека», – распавядае маці-валанцёрка Майя Афанасьева.

Ці ведаюць мясцовыя жыхары, пра што гаворка?

«Гэта ж страх чагосьці, страх цемры? Не? Вышыні?»

«Так проста ў адкрытую дзяцей пусціць… Бо як сказаць, ёсць нармальныя, ненармальныя… ой, іншыя…»

«Яны не павінныя варыцца ў сваім абмежаваным катле, а мусяць камунікаваць разам з астатнімі дзеткамі сваймі аднагодкамі».

Пераадолець цемру і сіндром ненармальнага стаўлення – самы час для шараговых людзей. Бо ў свеце кожны 68-ы дзіцёнак нараджаецца з разладам артыстычнага спектру. У Беларусі гэта каля 10 тысяч дзяцей і прыкладна столькі ж дарослых… Запрасіце іх жыць і танчыць разам з вамі!

Юлія Цяльпук, belsat.eu