Гэтым разам брыфінг Міністэрства абароны абышоўся без гучных тэмаў, Вейшнорыю вайскоўцы не ўзгадвалі ўвогуле. Намеснік міністра абароны, генерал маёр Алег Воінаў паведаміў, што да 30-га верасня войскі Расеі пакінуць тэрыторыю Беларусі, а самыя манеўры маюць абарончы характар. Пры гэтым папраўка робіцца на сепаратысцкі характар умоўнага праціўніка.
Паводле сцэнару, «Захад-2017» мае абараняць межы саюзнай дзяржавы, пры гэтым Расейская Федэрацыя будзе аказваць вайсковую і палітычную дапамогу Беларусі. Праз падабенства сцэнару манеўраў і вайсковай агрэсіі Расеі на Данбасе і ў Крыме «Захад-2017» яшчэ да пачатку манеўраў нанёс шкоду афіцыйнаму Менску, бо ўцягнуў у інфармацыйную вайну паміж Расеяй і Захадам.
«Вучэнні вайсковыя, якія праводзяцца раз на 2 гады сталіся ў гэтым годзе падзеяй для інфармацыйнай вайны, вялізарнага інфармацыйнага шуму, і ўсё гэта працуе не на карысць Беларусі», – упэўнены палітолаг Уладзімір Мацкевіч.
Ужо з заўтра Міністэрства абароны абяцае перайсці з рэжыму маналогу з журналістамі да дыялогу, то бок абяцаюць штодня да канца вучэнняў адказваць на пытанні медыяў.
У «Захадзе-2017» задзейнічаюць 7200 беларускіх і 3000 расейскіх вайскоўцаў. Сумарна баявая тэхніка не перавысіць 600 адзінак. А вось геаграфічна – гэта будуць сапраўды самыя вялікія манеўры: 8 палігонаў на тэрыторыі Берасцейскай, Менскай і Віцебскай вобласцяў.
Беларускі бок у інфармацыйным плане адназначна прайграў, кажа Аляксандр Алесін, ацэньваючы рыхтаванне да манеўраў.
«Трэба было загадзя падрыхтаваць план інфармацыйнага забеспячэння, улічваючы, што крытычныя публікацыі ў заходняй прэсе былі раней. Загадзя развеяць асцярогі заходніх і беларускіх назіральнікаў. Зараз гэта выглядае як апраўданне», – мяркуе вайсковы аглядальнік.
Назіраць за вучэннямі «Захад-2017» будуць амаль 300 журналістаў, а таксама адмысловыя назіральнікі з пяці краінаў НАТО і Украіны. Паводле Міністэрства абароны, вучэнні адмыслова будуць праходзіць на палігонах, аддаленых ад межаў суседніх краінаў. Манеўры пачнуцца заўтра і працягнуцца да 20-га верасня.
Аркадзь Несцярэнка, «Белсат»