Мінадукацыі: вывучэнне беларускай літаратуры – правакацыя

«Чаму ў праграмах «Барадзіно» ёсць, а «Пахне чабор» няма?» – з гэткім пытаннем настаўніца са Смалявічаў Ганна Севярынец звярнулася ў адкрытым лісце да міністра адукацыі Ігара Карпенкі. Педагог заклікала ведамства перагледзець вывучэнне ў школах беларускае літаратуры, якой, па сутнасці, сёння адводзіцца другаснае месца ў параўнанне з расейскаю.

Адказ Міністэрства адукацыі

Маўляў, той жа паэт Тодар Кляшторны, прапанаваны настаўніцай да ўлучэння ў школьную праграму, меў верш з блатным жаргонам ды пісаў пра ГПУ і НКВД, што дзецям будзе незразумела. Дый наагул узняцце праблемы стану вывучэння нацыянальнае літаратуры – ні што іншае, як палітычная правакацыя.

«…Выбіральнасць у густах выглядае двухсэнсоўна. Характэрна, што да стагоддзя Кастрычніцкай рэвалюцыі ў апазіцыйнай прэсе актыўна культываваўся міф пра нейкую «расстраляную», «забароненую бальшавікамі», «ліквідаваную камуністамі» і.г.д беларускую літаратуру: працягам гэтай інфармацыйнай кампаніі, відавочна, і ёсць адкрыты ліст да міністра адукацыі», – мяркуюць у ведамстве.

Пры гэтым афіцыйны адказ з міністэрства не мае ані зыходнага нумару, ані подпісу службовай асобы, ані пячаткі – рыхтык даносы, паводле якіх сталіністы і расстрэльвалі нашых продкаў. У тым ліку і 132-ух прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, забітых у крывавую ноч на 30-га кастрычніка 1937-га. Тады ў сутарэннях менскае турмы НКВД загінулі і 22 пісьменнікі, імёны якіх згадвала і Ганна Севярынец, і ананімны аўтар міністэрскага адказу на ейны зварот.

«Пазіцыя міністэрства супадае фактычна з пазіцыяй Кампартыі, якая не толькі не асудзіла, але і ўсяляк апраўдвае злачынствы і рэанімуе культ асобы Сталіна. Гэта недапушчальна ў нармальным дэмакратычным грамадстве, да якіх мы сябе залічваем», – абураецца гісторык Ігар Кузняцоў.

Недапушчальным ёсць і ўзровень школьнай адукацыі

Менавіта ў гэтым, па-сутнасці, у сваім адказе Ганне Севярынец распісваюцца чыноўнікі ад адукацыі, падкрэслівае даследнік савецкіх рэпрэсіяў спадар Кузняцоў.

«Тым самым Міністэрства адукацыі падкрэсліла «вартасць» нашых падручнікаў – пра тое, што ўсе апошнія гады гэтая тэма выкідвалася. Мы не ведаем не толькі пра гэтых паэтаў. Аказваецца, нават шкаляру трэба тлумачыць, што гэта такое ДПУ, НКУС. Гэта ж абсурд! Гэта ж нашая гісторыя, хай сабе і трагічная яе старонка!», – даводзіць гісторык.

Ігар адзначае, што сітуацыю можна было б выправіць увядзеннем дадатковага курсу, які распавядаў бы шкалярам пра зверствы сталіністаў. Але чакаць гэткага кроку ад ведамства, наскрозь прасякнутага ідэйнымі паплечнікамі камуніста і міністра адукацыі Ігара Карпенкі, было б прынамсі наіўна.

Уся надзея на дзяцей

«Сёння прыбегла ўжо дзяўчынка да мяне і кажа: «Дайце Кляшторнага!» – «А што здарылася?» Яна кажа: «Ну там жа напісалі ў адказе Міністэрства адукацыі: «Ходзім мы пад месяцам высокім, а яшчэ – пад ДПУ» – «дык дайце мне гэтую паэму!». Ну я кажу: «Пачакай, яшчэ няма гэтага зборніка, яго трэба сабраць і выкласці. Але як толькі выкладзем, я табе яго адразу падару!», – дзеліцца Ганна Севярынец, настаўніца расейскай мовы і літаратуры.

А таму, перакананая Ганна, наперадзе нас чакае добры час. У тым ліку – з цікаўнасцю да сваёй нацыянальнай літаратуры.

Валер Руселік, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum

Глядзі таксама