Шматдзетны бацька Віктар Шыпкоў штогод ладзіць абрад «Зорка»


Каляды, а значыць, калядоўнікі могуць у любы момант пагрукаць у вашыя дзверы. Прынамсі ў вёсцы Маркавічы на Гомельшчыне калядуюць заўсёды, а сёлета ўдзел у абрадзе з Зоркаю ўзялі і карэспандэнты «Белсату».

29-гадовы шматдзетны бацька, міліцыянт Віктар Шыпкоў, ужо больш за 10 гадоў праводзіць у сваёй роднай вёсцы Маркавічы калядны абрад «Зорка». Калядоўнікі ходзяць з Віфлеемскаю зоркай і ўслаўляюць Хрыста Збаўцу.

«Для Гомельшчыны і ўвогуле для Беларусі адметная сама зорка – тое, што ў яе верцяцца прамяні, адметныя і самі спевы, і самая традыцыя – тое, што ў нас ходзяць з 7-га да 12-га, а другі этап – гэта 13-га, Васіля, і аж да самога Хрышчэння можна хадзіць у госці», – распавядае Віктар Шыпкоў.

Калядоўнікі абыходзяць усе падворкі. Спытаўшы ў гаспадароў дазволу пусціць у дом зорку, становяцца насупраць чырвонага кута – таго, у якім ікона, – і спяваюць мясцовыя народныя песні пра нараджэння Хрыста. Традыцыйна гучыць і «Многае лета». Гаспадары дзякуюць хто чым можа. Этнолаг Алена Ведзь зазначае:

«Успрыняцце «во, пайшлі пабірацца калядоўнікі» – гэта сённяшняе камерцыйнае грамадства. Лічыцца, што матэрыяльнае мусіць абменьвацца на матэрыяльнае. Па-сапраўднаму ў архаічнай культуры матэрыяльнае і духоўнае лічыліся раўназначныя».

Зорку давяраюць самому паважанаму чалавеку сярод калядоўнікаў. Віктара Шыпкова мясцовыя жыхары ведаюць і з нецярпеннем штогод чакаюць яго на чале калядоўнікаў.

«Яшчэ не развіднела, а мы ўжо чакалі яго і насілу дачакаліся. Мы так радыя, і дай Госпадзі вам здароўя, каб хадзілі і нас радавалі, нашых дзяцей і нашых унукаў», – кажа жыхарка вёскі Маркавічы Пелагея.

«Прыходзіць у дом не проста анёл, не проста ў дом анёл – у душу. Я не штогод бываю, але, калі бываю, я шчаслівая, я проста шчаслівая», – праз слёзы прамаўляе нарадзінка вёскі Маркавічы Таццяна Румянцава.

А праз тыдзень, на гэтак званую Шчадруху, калядоўнікі вернуцца з казою і мядзведзем – традыцыйнымі персанажамі беларускага каляднага фальклору.

Анастасія Русецкая belsat.eu