Мілінкевіч: «сітуацыя з Саюзам палякаў – гэта лакмусавая паперка»

Трыццаць год аднаму з найбуйнейшых грамадскіх аб’яднанняў у нашай краіне. У Горадні Саюз палякаў Беларусі святкуе юбілей сваёй дзейнасці. Ледзь не палову гэтага часу – ад 2005 году, арганізацыя працуе практычна ў падпольных умовах.

«Пасля моцнага ўдару ў 2005 годзе, цяпер мы кажам пра Саюз, як пра структуру, што мае 190 аддзяленняў і таварыстваў – гэта каля 10 тысяч сябраў. Наш галоўны поспех за гэты час – захаванне чалавечага патэнцыялу», – кажа Анджэліка Борыс, старшыня Саюзу палякаў.

Між тым нават сённяшнія святкаванні не прайшлі спакойна. Запланаваны на сёння ў Горадні канцэрт легендарнай польскага гурту Лэйдзі Панк днямі адмянілі з-за… археалагічных раскопак каля мясцовага Новага замку. Тым часам пра важнасць арганізацыі для нашых заходні суседзяў і яе вагу ў міждзяржаўных дачыненнях сведчыць прысутнасць на святкаваннях польскіх дэпутатаў, спікера Сенату Станіслава Карчэўскага і намесніка шэфа польскай дыпламатыі Анджэя Папежа.

«Сёння ў беларуска-польскіх дачыненнях існуюць два прынцыповыя пытанні. Гэта Саюз Палякаў і сітуацыя Белсату. Гэта асноўныя пытанні, калі вядзецца гаворка пра дачыненні паміж нашымі грамадствамі, а ня толькі паміж дзяржавамі», – адзначае Агнешка Рамашэўская, дырэктарка тэлеканалу «Белсат».

Агулам Саюз Палякаў можа налічыць толькі шэсць гадоў сапраўды спакойнае працы – яшчэ да выбараў першага і пакуль што апошняга прэзідэнта Беларусі. Пасля іх дачыненні СПБ з уладамі кардынальна змяніліся.

«Падчас першай прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі, спадар Лукашэнка прыязджаў да Саюзу палякаў, сустракаўся з кіраўніком Гавінам і заклікаў галасаваць на сябе. Натуральна, ён вельмі шмат абяцаў, абяцаў падтрыманне польскае меншасці, але як і шмат якіх іншых абяцанняў, гэтага не выканаў», – кажа Анджэй Пісальнік з Саюзу палякаў Беларусі.

Тым ня менш арганізацыя ў дзевяностыя гады здолела адкрыць дзве польскія школы ў Горадні і Ваўкавыску, лічба сябраў вырасла да трыццаці тысяч, пакуль у 2000 годзе кіраўніком Саюзу палякаў ня стаў Тадэвуш Кручкоўскі. Ён выступаў супраць падтрымання беларускіх журналістаў, а калі прайграў выбары старшыні Анджэліцы Борыс то пры падтрыманні АМАПУ адабраў у арганізацыі Польскі дом у Горадні. Саюзаў Палякаў з таго часу стала два. Праўладны, непрызнаваны польскім уладамі, і непрызнаваны ўладамі беларускімі, які сёлета святкуе трыццацігоддзе.

«Улады не маглі пагадзіцца з сітуацыяй, калі страчвалі кантроль над арганізацыяй і тады спецслужбы абсалютна беспадстаўна абвінавацілі Саюз у падрыхтоўцы каляровай рэвалюцыі», – распавядае Анджэй Пісальнік.

Паводле колішняга намесніка старшыні гарадзенскага гарвыканкаму і экс-кандыдата на пасаду прэзідэнта Аляксандра Мілінкевіча, такое стаўленне шкодзіць самой Беларусі

«Вельмі дрэнная палітыка для Беларусі. З аднаго боку прэмʼер прылятае з самалётам бізнесоўцаў і тым абяцаюць, што ўсё будзе добра, будуць інвестыцыі, будзе прыватызацыя, будзе ўсё. А выніку няма? Бо лічыцца атмасфера і сітуацыя з Саюзам палякаў – гэта лакмусавая паперка», – падкрэслівае Аляксандр Мілінкевіч, грамадскі дзеяч.

Калі ўлады гэтак ставяцца да ўласных грамадзянаў, то чаму чакаюць іншага ад суседзяў?

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»

Глядзі таксама