Мікалайчык: Не было б пікету, Салаўёў бы думаў, што ўсе яго тут любяць

Падводзім вынкі прапагандысцкага выступу, які даў у Менску скандальны расейскі журналіст Уладзімір Салаўёў.

Расповеды пра амаральную Еўропу і ЗША, анегдоты пра Аляксандра Лукашэнку і габрэяў, ды мараль пра магутную і добрую Расею. Гэтак у скароце выглядаў учорашні вечар расейскага публіцыста і вядоўцы тэлеканалу «Россия 1» Уладзіміра Салаўёва. Імпрэзе не перашкодзіў пратэст некалькіх дзясяткаў актывістаў «Маладога Фронту» на прыступках Палацу Рэспублікі. Але ўдзельнікі мяркуюць, што акцыя была неабходная

«Творчаму вечару мы не пашкодзілі, але шмат хто з людзей задумаліся над тым, хто такі ёсць Салаўёў, і што ў яго за місія ў нас у Беларусі, і што гэта за канцэрт. Каб не было гэтага пікету, Салаўёў бы думаў, што ўсе яго любяць і ўсе яго чакаюць», – кажа грамадская актывістка Вольга Мікалайчык.

А такія, хто любяць і чакаюць Салаўёва, былі. Самыя пратэстоўцы стаялі ў шчыльным коле людзей у цывільным, якія час ад часу распачыналі штурханіну, Тым часам расейскі госць выйшаў да пратэстоўцаў, ды заявіў, што тым не перашкодзіла б дапамога псіхіятра. Пасля – заўважыў карэспандэнтку «Народнай Волі» Кацярыну Андрэеву, якая раней на прэс-канферэнцыі запыталася ў яго пра хвалю антыбеларускіх матэрыялаў у расейскіх медыяў

«І пры гэтым бярэ мяне за паліто, за руку. Я кажу – не чапайце мяне. У адказ ён пачынае несці неякую лухту: вы беларуска, ці беларуская журналістка? Ну, відавочна гэтак жа ён сябе вядзе і на сваіх перадачах, дзе абсалютна не прынята мець нейкую культуру камунікацыяў», – заўважае Кацярына Андрэева.

Дыскусіі ў праграмах Уладзіміра Салаўёва сапраўды часцяком выглядаюць не вельмі прыстойна. Ягоная ж пазіцыя, датычная палітыкі Крамля, – таксама добра вядомая. Таму палітычныга аглядальніка Віталя Цыганкова, што не пашкадаваў 100 рублёў на выступ расейкага госця, больш цікавілі наведнікі імпрэзы.

«Адданыя фанаты Салаўёва і ўвогуле расейскіх ток-шоў. Яны вельмі жвава рэагавалі, калі ён называў нейкія прозвішчы, пры чым не палітыкаў, а нейкіх экспертаў расейскіх, польскіх, амерыканскіх. Публіка на ўсё гэта рэагавала, ведала іхныя прозвішчы, было такое ўражанне, што для іх гэтыя людзі – як нейкія родныя, добра ім знаёмыя», – адзначае Віталь Цыганкоў.

Гледачы прагнулі адказаў па сітуацыя ўва Украіне і ўласна ёй была прысвечаная ільвіная доля пытанняў да госця. Адзін з наведнікаў нават папрасіў публіцыста: «Вазьміце нас, як Крым». Той пад апладысменты адмовіўся. Агулам ня толькі да самога Салаўёва, але да расейскіх журналістаў увогуле стаўленне ў суботнім Менску мяшанае.

«Я давяраю больш расейскім каналам, неяк больш яны праўдзіва даносяць інфармацыю пра Беларусь», – кажа жыхарка Менску.

Малады хлопец заўважае:

«Шчыра, увогуле не давяраем тэлебачанню – гэта зло».

Яшчэ адзін выказвае сваё меркаванне:

«Раней па тэлебачанні былі такія прарасейскія настроі ў нас, цяпер памянялася, відаць, з-за падзеяў у Крыме. Не давяраю:відавочная прапаганда што тут, што там».

Тым не менш, нават беларускія дзяржаўныя каналы ня робяць шоў, кшталту гучнай праграмы на расейскім першым канале, дзе высвятлялі, ці правільна суседзі пішуць сваю гісторыю. А тым болей, не прапагандуюць сваіх поглядаў на маскоўскіх сцэнах.

Усевалад Шлыкаў, belsat.eu

Глядзі таксама