Менск, Брагінскі сквер: улады падманам ушчыльняюць раён

У Менску 9 з 9 адміністрацыйных раёнаў маюць канфлікт паміж гараджанамі і ўладамі. Гэтым разам жыхары прыватнага сектару блізу вуліцы Карастаянавай змагаюцца супраць зносу сваіх дамоў.

Зямельныя надзелы на вуліцы Брагінскай і Земляробчай жыхары Менску атрымалі ў пажыццёвае карыстанне яшчэ ў 1957-ым годзе. Тады гэта быў ускраек гораду, а цяпер – прэстыжнае месца амаль у цэнтры сталіцы. Побач – плошча Бангалор і ў хуткім часе новыя станцыі метро.

Раней, калі гарадскія ўлады планавалі будоўлю новай лініі метро ўздоўж вуліцы Арлоўскай, пад знос маглі трапіць старыя двухпавярховікі. Прыватны сектар месціцца на другім баку мікрараёну. Жыхароў запэўнівалі, што ім знос не пагражае.

«Камісія была з выканкаму. Нам казалі, што нас не будуць чапаць як мінімум 30 гадоў», – сведчыць мясцовая пенсіянерка Ніна Міхайлава.

Жыхары не могуць зразумець, нашто спатрэбіліся іхныя надзелы

Бо месца не знаходзіцца каля аўтамагістралі, а наадварот, у ціхім зялёным месцы. Ні школу, ні паліклініку тут будаваць не плануюць.

«Зносяць нашы дамы толькі дзеля таго, каб прадаць нашу зямлю інвестарам», – упэўненая мясцовая жыхарка Наталля Навадворская.

На судзе прадстаўнік Менскага гарвыканкаму патлумачыў, што зямельныя надзелы забіраюць з «мэтаю рэалізаваць дэталёвы план» на карысць патэнцыйных інвестараў. То бок атрымліваецца, што нейкі інвестар захацеў жыць на гэтым месцы ці пабудаваць тыя ж катэджы ў зялёным цэнтры сталіцы на продаж. Дзеля гэтага і змянілі генеральны план.

Людзі не вераць, што здолеюць абараніць сваю ўласнасць. Яны хочуць дабіцца адэкватнай матэрыяльнай кампенсацыі. На наступным пасяджэнні чыноўнікам давядзецца адказаць на шэраг пытанняў: чаму ў іхных паперах плошчы дамоў меншыя, чымся ёсць насамрэч, і чаму шматдзетным сем’ям адмаўляюць у зямельным надзеле, як гарантуе заканадаўства?

Любоў Лунёва, «Белсат»

Глядзі таксама