Менскія пагадненні. Пяць гадоў пасля падпісання


Пятро Парашэнка, Уладзімір Пуцін, Ангела Мэркель ды Эмануэль Макрон. Лідараў чатырох краінаў 12 лютага 2015 прымаў у менскім Палацы незалежнасці Аляксандр Лукашэнка. Ажно да самае раніцы «Нармандская чацвёрка» шукала кампрамісу, каб спыніць ваенны канфлікт на Данбасе.

«Усё было няпроста, фактычна, нам выстаўлялі ўсялякія непрымальныя ўмовы, мы не пайшлі ні на адзін ультыматум і выразна правялі пазіцыю, што прыпыненне агню мае адбыцца без папярэдніх умоваў», – адзначыў на той час прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка.

Гэтак, прыпыненне агню, адвод цяжкога ўзбраення ад лініі сутыкнення бакоў за тры дні ды аднаўленне Украінаю кантролю на межах – сталіся галоўнымі з 13 пунктаў прынятых у Менску пагадненняў. На новы комплекс спадзяванняў было шмат, бо падпісаныя ў беларускай сталіцы на паўгода раней пратаколы кантактнай групы плёну не далі. Па выніках на сёння – «Менск-2» паспрыяў спыненню канфлікту толькі часткова, перадусім на паперы. Што праўда, такі фармат быў патрэбны кожнаму з бакоў, адзначае аналітык Ігар Тышкевіч.

«Для Украіны – аднаўляць баяздольнасць войска, бо не хапала нават тэхнікі. Для РФ быў ужо зразумелы крах канцэпту Наваросіі, патрэбны быў час, каб выпрацаваць новыя падыходы, і падумаць, што рабіць з Украінаю. Для Нямеччыны і Францыі – патрэбны быў час, каб вывесці канфлікт з гарачай фазы», – распавёў аналітык Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч.

Для Беларусі – гэта перадусім прэстыж. Да таго ж Менск як пляцоўка перамоваў паўплываў на палітычны імідж Лукашэнкі: ён з’явіўся на еўрапейскай арэне не як дыктатар, а як міратворца.

«Усе магчымыя дывідэнды, якія можна было атрымаць з гэтае сітуацыі, Беларусь атрымала, выкарыстоўваючы вось гэты імідж нейтральнай пляцоўкі, пасярэдніка ў дыялогу. Тут можна згадаць і ўзнаўленне нармальных стасункаў з Еўрапейскім Звязам і Злучанымі Штатамі, і пашырэнне прасторы гэтых стасункаў», – адзначае палітолаг і аналітык цэнтру «Еўрапейская трансфармацыя» Андрэй Ягораў.

Прыпынення агню на Данбасе не назіраецца, хаця канфлікт перайшоў у халодную фазу. Сярод частковага, але значнага прагрэсу ў выкананні дамоўленасцяў, – абмен палоннымі паміж Расеяй ды Украінаю.

Юлія Лабанава belsat