Менскі Хакерспейс прыпыняе выраб шчыткоў для медыкаў

Цяпер у менскім хакерспейсе пуста, але яшчэ ўчора кіпела праца. Дзясяткі валанцёраў збіралі тут цэлы месяц абарончыя шчыткі для медыкаў. Такіх тут было выраблена больш за 40 тысячаў.

Адна з прычынаў спынення працы – небяспечны збор вялікай колькасці валанцёраў у адным месцы, а таксама задавальненне попыту.

«Планавалі зрабіць паўтары тысячы шчыткоў, а атрымалася вось 40 тысяч. Улічваючы агульную колькасць медыкаў, паводле нашых разлікаў, мы рэальна задаволілі практычна ўсе патрэбы медыкаў на змене, улічваючы, што шчыткі шматразовыя і перадаюцца са змены ў змену», – кажа адна з каардынатарак ініцыятывы Кацярына Бай.

Як працуе ініцыятыва ByCovid19? Вялікі фотарэпартаж

Валанцёры адвезлі сродкі абароны ў 143 населеныя пункты. І нават у самыя аддаленыя куточкі краіны: Расоны, Столін, Хойнікі. Гэта рабілі добраахвотнікі за свой кошт. Такіх некалькі дзясяткаў.

«Учора вось гэта ўсё, майго барахла не было, усё гэта было загружана пад дах і ўехала ў Горадню, і там 9 бальніц я разгрузіў», – паказвае багажнік валанцёр Міхась Катляр.

«Самыя ўражвальныя былі Бешанковічы, я ніколі не забуду лекара, які плакаў, ён выйшаў за флопамі і сказаў: «Вы першыя, хто адгукнуўся нам штосьці прывезці», – узгадвае валанцёрка Кацярына Хадыка.

Арганізатары плануюць сабраць за тыдзень яшчэ заяўкі і на пачатку траўня іх выканаць. Шыццё касцюмаў працягваецца. Таксама працягваецца праца агульнанацыянальнай ініцыятывы bycovid19. Валанцёры шыюць касцюмы, маскі, закупаюць сродкі гігіены. Ініцыятыва сабрала больш за 200 тысяч долараў.

Наста Кахановіч, Белсат

Глядзі таксама