«Менск выстаўлены на продаж!» У Курасоўшчыне знясуць дамы


Павялічыць жыллёвы фонд у Курасоўшчыне ў два разы. Старыя дамы знясуць, людзей адселяць, а новае жытло пабудуюць для новых гаспадароў. Пра гэта ўлады распавялі на адмысловых слуханнях.

У межах вуліцаў Брэсцкай, Кіжаватава і поймы ракі Лошыца запланаваныя грандыёзныя змены. Віруе будаўніцтва нашумелага «Менск-свету» ад «Dana Holdings». А на іншым баку – новы праект забудовы. Вуліцу Кіжаватава ачысцяць ад 15 двухпавярховікаў. Падобны лёс чакае і прыватны сектар: дамы знясуць, а зямлю аддадуць пад будаўніцтва новых катэджаў і таўнхаўсаў.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Знясуць 62 прыватныя дамы. Высяленне запланавана на 2025 год. Што да кампенсацыяў ды месцаў рассялення – пакуль невядома. Мясцовыя жыхары абураныя:

«Гэты ўчастак будзе дужа дорага каштаваць. Вельмі дорага. Так жа? А я не ведаю, што нам дадуць».

«Прыязджаюць расейцы, прыязджаюць іншыя нацыі. Яны атрымоўваюць – тут! А нас, вось яна тут нарадзілася і пражыла, збіраюцца адправіць у Сокал ці Смалявічы. Навошта гэта?»

«Тут няма галоснасці, празрыстасці. І калі нехта паспрабуе знайсці ў гугле генеральны план і план дэталёвай планіроўкі, то яго ўвогуле знайсці немагчыма. А тое, што магчыма, то кепска глядзець, і нічога не зразумела».

Згодна з планам рэканструкцыі, колькасць насельніцтва ў гэтым сталічным раёне павялічыцца прыкладна ў 2 разы. Але ўжо цяпер, кажуць жыхары, тут не хапае дзіцячых садкоў, школаў, паліклінік. Ірына Сітчук, жыхарка Курасоўшчыны, распавядае:

«Наша бліжэйшая дзіцячая 13-я паліклініка, да якой мы адносімся, знаходзіцца ў 1400 метрах, калі ісці па прамой. І гэта на дадзены момант ужо парушэнне нарматываў. Не прадугледжана будаўніцтва ніводнай паліклінікі. То бок, яны будуць абслугоўвацца тымі, якія ўжо ёсць. А насельніцтва, якое ёсць, будзе ўшчыльняцца ў два разы!»

Паводле праекту, у новазабудаваным раёне плануюць школу і дзіцячы садок, а таксама аб’ект лячэбна-аздараўляльнага значэння. Але ці хопіць сацыяльна значных абʼектаў на ўсіх жыхароў? Асцярогі ёсць і наконт праекту міжнароднага фінансавага цэнтру «Менск-Свет», якую рэалізоўвае той самы забудоўшчык – швейцарская кампанія «Dana Holdings». Яе ўзначальвае сербскі мільянер Багалюб Карыч.

Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік «Белсату», кажа:

«Гэтыя інвестпраекты – стандартная рэч, для таго, каб атрымаць гэтую зямлю бясплатна. Што робіцца. Яны кажуць: мы тут пабудуем міжнародны фінансавы цэнтр. Гэта вельмі папулярная тэма. Бяруць зямлю, будуюць абсалютна не гэта, але ў выпадку «Dana Holdings», ніхто ім ніякіх прэтэнзіяў не выстаўляе».

Больш таго, у 2011 годзе сваіх пасадаў пазбавіліся галоўны архітэктар Менску і ягоны намеснік. А некалькі дзён перад гэтым Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў чыноўнікаў за бюракратызм у працы з інвестарамі ў рамках праекту «Маяк Менску». Ягоны забудоўшчык – усё тая ж кампанія «Dana Holdings». Грамадскі актывіст Віктар Барташэвіч кажа:

«Генплан падразумявае развіццё гораду, каб добра жыць было. А ёсць інвестыцыйны атлас, які ёсць у адкрытым доступе на сайце Менгарвыканкаму. І там усё проста прачэрчана па кубіках – усё што будзе прадавацца. Таму, людзі, раскрыйце вочы: Менск выстаўлены на продаж! Таму ўсе гэтыя абмеркаванні – гэта невялікая перапона для гэтых захопнікаў».

Пакуль у межах рэканструкцыі раёну адбываецца інфармаванне грамадзянаў, а таму вырашаць праблемы зарана, заявіў падчас сустрэчы з жыхарамі намеснік старшыні адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Павел Тама. Жыхарам прапанавалі накіроўваць свае заўвагі ў адміністрацыю па электроннай пошце. Абмеркаванні працягнуцца да 12 снежня.

Таццяна Уласенка belsat.eu