Менск стаў сталічным горадам 100 гадоў таму


Упершыню сталіцаю Менск фактычна стаў у 1918-ым. Тады ў сакавіку, у гэтым доме, дзе цяпер кафэ «Чабурэчная», абвесцілі незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Аднак у снежні ў Менск прыйшлі бальшавікі, і ўрад БНР пераехаў у Горадню.

Аб стварэнні ж БССР абвесцілі 1-га студзеня 1919 года ў Смаленску. Але ўжо праз некалькі дзён новы ўрад перабраўся ў Менск, які абвесцілі сталіцай.

«Менск быў губернскім горадам, адпаведна – пераезд першага беларускага ўраду са Смаленску ў студзені дазволіў гораду развівацца больш інтэнсіўна ва ўсіх кірунках. І цэнтр – Масква – стаў фінансаваць. Таму з гледзішча і жыхароў, і кіроўных структураў, што былі ў горадзе, гэта было добра», – кажа гісторык Ігар Кузняцоў.

Бальшавікі здолелі ператварыць памежны з капіталістычнымі краінамі Менск ва ўзорны горад. Цягам ужо трох першых дзесяцігоддзяў тут ствараецца ансамбль цэнтральнай вуліцы, сёння – праспекту Незалежнасці.

«Такім аб’ектам архітэктуры быў і той жа Дом ураду, узведзены на пачатку 30-х гадоў, ён дагэтуль застаецца адным з самых вялікіх будынкаў Беларусі паводле плошчы памяшканняў», – кажа краязнаўца Уладзімір Садоўскі.

У сярэдзіне 30-ых паўстала прапанова перанесці сталіцу ў Магілёў. Маўляў, небяспечна размяшчаецца сталіца – усяго за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад мяжы з Заходняй Беларуссю, што была ў складзе Польшчы.

«У Магілёве нават пачалося глабальнае будаўніцтва, там пабудавалі свой Дом ураду – цяпер аблвыканкам Магілёўскай вобласці, што быў падобны архітэктураю да менскага Дому ўраду. Той жа архітэктар рабіў», – дадае Уладзімір Садоўскі.

Аднак у хуткім часе гэткая патрэба адпала – у 1939-м камуністы далучылі Заходнюю Беларусь да БССР. Думалі пра перанос сталіцы і пасля Другой сусветнай вайны. Нібыта таму, што Менск быў цалкам зруйнаваны. Сярод будынкаў, што падлягалі аднаўленню ў Менску, – Оперны тэатр, Дом ураду, Дом афіцэраў.

Перажыў Другую сусветную і касцёл Святых Сымона і Алены. Менчукі часцей называюць яго проста – Чырвоным. З-за колеру цэглы. У даваенны савецкі перыяд тут быў Польскі тэатр, а пасля вайны – Дом кіно.

Каталікам касцёл вярнулі ў 90-я, як і шмат якія іншыя касцёлы і цэрквы, што не зруйнавалі вайна і савецкая ўлада. Сёння пра стогадовую гісторыю нагадваюць не толькі некаторыя будынкі, але і назвы вуліцаў. Напрыканцы 80-х у Менску іх сталі называць у тым ліку і ў гонар першых кіраўнікоў савецкай Беларусі – Жылуновіча, Чарвякова і Галадзеда – якія самі ж зрабіліся ахвярамі сталінскіх рэпрэсіяў.

Юлія Лабанава/«Белсат», фота – Віктар Драчоў/ТАСС/Forum