Менск ізноў шукае справядлівай газавай цаны

Міністэрства энергетыкі адказала кіраўніку расейскага «Газпрому» Аляксею Мілеру наконт прэтэнзіяў аб запазычанасці на газ, ад якіх залежаць кошты на наступны год.

У Менску заяўляюць, што Беларусь разлічваецца адпаведна падпісаных дамоваў і запазычанасці не мае. Але ёсць рознагалоснасць у вызначэнні коштаў, якую урэгулююць самі гаспадарчыя суб’екты. Што адбываецца на газавым фронце з верагодным саюзнікам, высвятляла Анастасія Русецкая

Запазычанасць Беларусі за пастаўлены расейскі газ складае амаль 166 мільёнаў долараў. Пра гэта заявіў кіраўнік «Газпрому» Аляксей Мілер.

«Як толькі будзе цалкам урэгуляваная запазычанасць, расейскі бок будзе гатовы прызначыць перамовы аб умовах пастаўкі газу з 1 студзеня 2021 года», – зазначыў Аляксей Мілер.

Гэта відаць і ёсць адказам на неаднаразовыя просьбы Менску зменшыць кошты ўжо сёлета.

«Галоўная мэта гэтага выказвання была не столькі расказаць пра доўг беларускага боку, колькі сказаць, што «Газпром» не збіраецца гандлявацца пра цэны на цяперашні год увогуле», – кажа галоўны рэдактар сайту «Наше мнение» Валерыя Касцюгова.

Менск у сваю чаргу заяўляе, што доўгу за імпартаваны газ Беларусь не мае і разлічваецца адпаведна з дамовамі.

«Судзячы з той сумы, якую назваў Мілер, якую Беларусь запазычылася «Газпрому«, Беларусь мяркуе, што расейскі газ каштуе ў раёне 96-98 долараў за тысячу кубічных метраў, а зусім не 127, як напісана ў пратаколе, які падпісалі Сямашка з Мілерам», – мяркуе Валерыя Касцюгова.

Спрэчка вакол кошту на газ паміж краінамі ўзнікае не ўпершыню. Гэтым разам, зазначае эксперт, каб дамагчыся поўнага разліку, Расея праз незапатрабаванасць газу ў Еўропе з-за пандэміі можа перакрыць транзіт праз Беларусь і экспарт у нашую краіну.

Анастасія Русецкая «Белсат»

Глядзі таксама