Менск і Масква ўсё яшчэ не дамовіліся пра паглыбленне інтэграцыі


Час падпісання інтэграцыйнай дамовы набліжаецца, а адзінай пазіцыі няма. Сёння ў Сочы вылецеў прэмʼер краіны Сяргей Румас для ўзгаднення дарожных мапаў. Са свайго боку расейскі прэмʼер Дзмітрый Мядзведзеў ужо запэўніў беларускага калегу, што антыбеларускіх настрояў у Расеі няма, хоць пра гэта яшчэ ўчора казаў Лукашэнка. Ці паспеюць Менск і Масква дамовіцца да заўтра?

Не дамовіліся ў 16 пытаннях. Сярод іх – залічэнне ў наш бюджэт экспартавых мытаў ад продажу расейскай нафты і нізкія цэны на газ. Такі парадак перамоваў са сваім расейскім калегам у Сочы анансаваў прэмʼер Сяргей Румас:

«Я для сябе бачу заданне мінімум – унесці на разгляд кіраўнікоў дзяржаваў 3-4 пытанні, у якіх мы не дамовіліся, а заданне максімум – дамовіцца ўва ўсіх пытаннях», – заявіў кіраўнік ураду.

Вяртанне Масквой у наш бюджэт мытаў за продаж 6 мільёнаў тон расейскай нафты сёлета прынесла нам прыблізна 500 мільёнаў долараў. Аднак налета гэтай схемы ўжо не будзе. За газ наш урад спадзяецца плаціць як Смаленск плюс транспартавыя выдаткі. Сёння расейскі рэгіён плоціць за тысячу кубаметраў 73 долары, мы – 127.

Супольны орган, які вызначыць цэны і правілы на рынках газу ды нафты, паводле газеты «Камерсант», мае паўстаць у выніку паглыблення беларуска-расейскай інтэграцыі. Інтэграцыйны план, паводле выдання, вызначае іншыя амбітныя мэты: абʼяднанне падатковага заканадаўства, фінансавых разлікаў, стварэнне супольнай мытнай і гандлёвай палітыкі – ажно да ўвядзення эмбарга на еўрапейскія прадукты.

Якім чынам і да якой даты аб’яднацца ў эканамічнай сферы, мае апісваць 31 дарожная мапа. Што адбудзецца пасля іх выканання?

«Пэўныя аспекты палітычнай незалежнасці мы губляем, бо ў сучасным свеце эканоміка, грошы – гэта палітыка», – падкрэслівае палітолаг Вольга Харламава.

Падпісаць план інтэграцыі ды мапы да яго Лукашэнка паабяцаў да 8 снежня – юбілею дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.

«Што мы будзем казаць у 20-годдзе, калі мы не здымем усіх пытанняў, якія ёсць, і не падпішам праграмы, якая вызначыць стратэгію нашых далейшых дзеянняў?» – заявіў у жніўні кіраўнік Беларусі.

Якую мэту гэтая стратэгія мае пераследаваць на думку Крамля?

«Для Масквы праграма максімум – гэта адзіная дзяржава, Беларусь як субʼект федэрацыі», – мяркуе Вольга Харламава.

Менск, паводле эксперткі, бачыць іншую мэту: узамен за абяцанні братэрства атрымліваць грошы ды танныя нафту і газ яшчэ 20 гадоў. І знайсці кампраміс да 8 снежня Лукашэнку і Пуціну будзе няпроста.

Аляксандр Папко belsat.eu

Калаж з фота: Dmitry Astakhov / POOL / TASS / Forum