Менчукі просяць улады паставіць помнік аўтазаку


Што сёння сапраўдная адметнасць Менску? На думку аўтара петыцыі, галоўным сімвалам сталіцы, дзяржавы ды сённяшніх уладаў сталі аўтазакі, у якіх пабывалі шмат якія беларусы, ды некаторыя госці нашай краіны.

«Гэта машына, на якую звяртаеш увагу, калі прыязджаеш у Менск. Сам жыў у Менску шмат гадоў, і я гэта бачыў. І таму атрымалася такое, а, можа, паспрабаваць? Нашыя ўлады не вельмі ахвотна ідуць на нейкія такія петыцыі людзей, у тым ліку і помнікі. А тут, калі помнік фактычна пра ўлады, можа, яны ўсё ж такі прыслухаюцца да людзей, нешта зробяць», – кажа аўтар петыцыі Крысціян Шынкевіч.

Стваральнік петыцыі просіць усталяваць помнік аўтазаку на адной з плошчаў Менску або ў публічным месцы, напрыклад, на вуліцы Зыбіцкая ці на Кастрычніцкай плошчы.

Да таго ж і прыдумляць ужо амаль нічога не трэба. Вось гатовы помнік. Кузаў толькі на будку замяніць.

Апытаным намі на вуліцах Менску мінакам ідэя спадабалася:

«Трэба ж неяк апісваць час сённяшні. Я за. Было б забаўна».

«З пункту гледжання іроніі нейкай над усім беларускім грамадствам».

«Трэба ставіць помнікі нейкім асобам гістарычным ці нейкім падзеям, якія маюць месца ў нашай гісторыі. А аўтазак, гэта, вядома, можа, і паказнік сённяшняй эканомікі, але гэта не так важна».

«Хай. Хай будзе, хай людзі пасмяюцца і… паплачуць адначасова».

Пракаціцца на аўтазаку можа кожны. Квіткі набываць не трэба. Ахвотным варта скарыстацца сваім канстытуцыйным правам на мірныя сходы або ўзяцца за арганізацыю масавай акцыі. Тады незабыўная паездка вам забяспечаная, а там можна і пазнаёміцца з беларускай пенітэнцыярнай сістэмаю. Усё, як кажуць, уключана. Журналісты «Белсату» за 11 гадоў працы не аднойчы выпрабоўвалі адметны від транспарту на сабе.

«Здымалі сюжэт пра прагляд фільму, і вось на першых хвілінах прагляду былі выбітыя дзверы, ускочылі страшэнныя чорныя людзі ў масках. Павалілі ўсіх на падлогу, зламалі, дарэчы, і камеру нават, і потым усіх пасадзілі ў аўтазак і павезлі ў Савецкі РУУС», – кажа аператар «Белсату» Сяржук Краўчук.

«Нас запіхалі ў аўтазак. Цэлы натоўп народу. І амапавец у кагосьці забраў газавы балон, і яго выпадкова ў гэтым аўтазаку распыліў. І так атрымалася, што распыліў у бок іншых амапаўцаў. Там было вельмі шмат народу, яны пачалі на яго лаяцца. Выглядала гэта вельмі смешна», – распавёў журналіст «Белсат» Зміцер Міцкевіч.

Праз 11 дзён петыцыя будзе накіраваная ў Менскі гарадскі выканаўчы камітэт

На кані па Менску я ніколі не ездзіла. А вось на аўтазаку даводзілася. Незабыўна.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, «Белсат»