Менчукі пратэстуюць супраць дарогі да «БК Капітал Цэнтр»


У цэнтры Менску жыхары пратэстуюць супраць будаўніцтва дарогі ў дварах сваіх дамоў. Дарога мае прайсці да бізнес-комплексу «БК Капітал Цэнтр», узведзенага на Кастрычніцкай плошчы сталіцы сербскаю кампаніяй братоў Карычаў. Менчукі заяўляюць пра шматлікія парушэнні ды патрабуюць спыніць будову.

Тэрыторыя канфлікту – цэнтр Менску, праспект Незалежнасці 27. Тут, пад вокнамі жылога дому, мае прайсці дарога да бізнэс-цэнтру, які на месцы музею Вялікай Айчыннай вайны збудавала сербская кампанія «Дана-Холдынг».

Адразу за фасадам «БК Капітал Цэнтр» з ініцыяламі ды гербам забудоўнікаў – двор гімназіі № 24 і дому 23 па вуліцы Янкі Купалы. Дарога мае прайсці і праз гэтыя тэрыторыі. Але жыхары пра тое даведаліся выпадкова, апошнімі.

«Нейкія хлопцы прыехалі і вынішчылі восем ці дзевяць вельмі прыгожых дрэваў, якія тут заўсёды стаялі. Калі мы пачалі задаваць пытанні, яны нам адказалі, што мы спілоўваем дрэвы, бо тут будзе дарога», – кажа мясцовы жыхар Арцём Каток.

«На сёння тут распачаліся працы, і яны пашыраць дарогу да шасці метраў. І тут будзе паўнавартасная дарога для абслугоўванне «БК Капітал», – працягвае Вольга Каток.

Мясцовыя жыхары кажуць, што іх пакуты і без таго доўжацца ўжо некалькі гадоў – з часу зносу музею Вялікай Айчыннай вайны.

«Пыл, машыны ідуць гружаныя, да 23 гадзіны будоўля працуе. Спрабуем паразмаўляць – катэгарычна адмаўляюцца. Прыязджаў іх прадстаўнік, серб, сказаў, што сербы ў Маскве застаюцца. Кажам: пакажыце дакументы. Дакументаў не паказаў», – скардзіцца мясцовая жыхарка Ніна Вечар.

«На будынку дому размяшчаецца памятная дошка Героя Савецкага Саюзу, які шмат зрабіў для краіны і гэтага гораду, але ніхто не звяртае на гэта ўвагі. Затое ў цэнтры нашага гораду ёсць невядома чый герб і руйнуецца самабытнасць нашага гораду», – абураецца Надзея Галуза.

На свае звароты ў гарадскія і раённыя ўлады жыхары атрымалі паведамленне, што будаўнічыя працы праводзіць кампанія «Дубай Фотэр Фронт», і яны ўзгодненыя. Але людзі гэтаму ня вераць.

«Не можа быць узгоднена, бо тут парушана ўсё, што можа быць парушана. Варыянты тэхнічныя іншых падʼездаў ёсць, але яны каштуюць грошай, напэўна, патрабуюць іншых узгадненняў і цяжкіх перамоваў з іншымі кампаніямі», – перакананы спадар Міхаіл.

«Мяне здзіўляе ведаеце што? Што такія арганізацыі, як Адміністрацыя Цэнтральнага раёну, Менгарвыканкам – яны ж пастаўленыя бараніць нашыя інтарэсы, жыхароў гораду Менску, а не фірмаў замежных, але стаяць на іх баку», – заяўляе Валерый Фядорчанка.

У адміністрацыі Цэнтральнага раёну Менску пракаментаваць праблему адмаўляюцца.

«Можа, мы б з вамі і пасупрацоўнічалі, і далі б якую-небудзь інфармацыю, але, на жаль, вы не акрэдытаваныя ў Рэспубліцы Беларусь», – заяўляе начальнік упраўлення ідэалогіі адміністрацыі Цэнтральнага раёну Юрый Цаба.

Ігнараванне законных правоў грамадзянаў – характэрная рыса дзейнасці цяперашніх уладаў у Рэспубліцы Беларусь – гэтак характарызуе сітуацыю палітык Юрась Губарэвіч.

«У гэтай сітуацыі для людзей адзіная магчымасць – абʼядноўвацца і гучна, супольна заяўляць пра свае інтарэсы і выказваць пратэст. Такая тактыка часта прыносіць плён: мы бачым гэта на пракладзе Берасця, на прыкладзе Менску, дзе я таксама дапамагаў людзям у некаторых мікрараёнах адстойваць свае правы. І ўлада, пад ціскам грамадскасці, мусіла змяняць свае першапачатковыя рашэнні».

Актывісты ініцыятыўнай групы сабралі подпісы жыхароў і звярнуліся да ўладаў з патрабаваннямі спыніць будоўлю і аднавіць законнасць ды намераныя дамагацца, каб іхныя патрабаванні выканалі.

Галіна Абакунчык, «Белсат»