Медыцына амаль перагружаная


Сусветная арганізацыя здароўя заклікае беларускія ўлады тэрмінова дзейнічаць, каб спыніць распаўсюд Ковід-19. Прадстаўнік арганізацыі ў Беларусі Батыр Бердыклычаў у інтэрвʼю «Белсату» падкрэсліў, што зроблена недастаткова: на дзяржаўным узроўні мусяць быць крокі ў справе масавых мерапрыемстваў ды захады, каб людзі фізічна захоўвалі дыстанцыю. Іначай медычная сістэма будзе перагружаная, а колькасць лятальных выпадкаў – імкліва павялічвацца.

Беларусь абагнала ўсіх суседзяў не толькі паводле колькасці інфікаваных на душу насельніцтва, але і паводле тэмпаў росту захворванняў – 37 % новых выпадкаў за тыдзень. Паводле Мінздароўя, толькі сёння выявілі 846 новых інфікаваных каронавірусам, і цяпер у Беларусі агулам больш за 14 тысяч выпадкаў захворвання. Але смяротнасць – афіцыйна – на мінімальным узроўні: толькі 89 памерлых з Ковідам. Лекары, якія непасрэдна змагаюцца з пандэміяй, сумняюцца ў гэтай лічбе.

«Толькі ў нашым шпіталі, толькі ў нашым аддзяленні пацыентаў, што памерлі з пацверджанымі мазкамі Ковід-19 каля 13-14 асобаў», – распавёў Ігару Кулею ў праграме «Белсат-Зум» Расціслаў Савіцкі, лекар-рэаніматолаг Віцебскага шпіталю хуткай дапамогі.

Міністэрства аховы здароўя кажа, што ўсе памерлыя мелі хранічныя захворванні.

«На жаль, нам даводзіцца выбіраць пацыентаў і адсейваць іх на больш цяжкіх і менш цяжкіх, кагосьці ў аддзяленне пераводзіць, а кагосьці ў рэанімацыю. Зараз у нас у рэанімацыі ўсе месцы занятыя і занятыя цяжкімі пацыентамі. Некаторыя ў крытычным стане, за якіх мы змагаемся кожную хвіліну», – кажа Расціслаў Савіцкі.

Колькі медыкаў захварэла і памерла ад каронавіруса, Міністэрства аховы здароўя не кажа. Сёння стала вядома пра смерць рэнтгенолага Любанскай цэнтральнай раённай больніцы. Леанід Савіч меў 54 гады і пацверджанае інфікаванне каронавірусам. Ананімнае апытанне медыкаў паказала сістэмныя праблемы з умовамі іхнай працы. Асветніцка-сацыяльнае грамадскае аб’яднанне «Звено» накіравала вынікі даследавання міністру Уладзіміру Караніку.

«70 % медыкаў адзначае, што ім даводзілася купляць сродкі індывідуальнай аховы за свае грошы. Пры гэтым яны не маглі набыць сродкаў з высокай ступенню абароны, бо іх няма ў продажы. Амаль 70 % не праходзілі тэсту на каронавірус, а частка тых, хто прайшоў, адзначае, што дабіўся гэтага з цяжкасцю», – адзначае ў лісце старшыня рады АСГА «Звено» Таццяна Гацура-Яворская.

Кантакты першага ўзроўню і хворыя на Ковід або пнеўманію не ў цяжкай форме, паводле загаду Уладзіміра Караніка, мусяць лячыцца дома, на самаізаляцыі. Выбух каронавіруса ў Беларускай музычнай філармоніі ў Менску. З яе інтэрнату на вуліцы Бялінскага вывезлі 5 чалавек, у тым ліку дзіця, а частка інфікаваных засталася на месцы.

«Пастаянна робяць дэзынфекцыю, пастаянна прыходзіць лекар да тых, хто на самаізаляцыі, і цяпер робяць паўторна мазкі», – распавяла «Белсату» Алена Птушко, якая выконвае абавязкі загадчыцы інтэрнату. Інтэрнат на каранцін не зачынілі.

«Сказалі, што будуць браць мазкі, бо на паверсе кагосьці знайшлі. Зробяць. Толькі дома зноўку сядзець», – кажа артыст Тэатру оперы і балету Сяргей Васілоўскі.

Па ўсім свеце лабараторна пацверджаныя больш за 3,2 млн выпадкаў інфікавання, ад каронавіруса памерлі амаль 230 тысячаў чалавек. Амаль палова хворых – у Еўропе.

«Ва ўсходняй частцы Еўропы, у Беларусі, Расеі, Казахстане і Украіне, выпадкі захворвання за мінулы тыдзень павялічыліся. Тут мы мусім карыстацца ўсім арсеналам метадаў, каб стрымаць перадачу інфекцыі», – заявіў дырэктар Еўрапейскага бюро WHO Ганс Клюге.

Ёсць добрыя навіны – 1 траўня адмянілі святочныя дэманстрацыі, мітынгі і маёўкі дзяржаўнай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. У Баранавічах не будзе і святкавання 9 траўня. Але Параду Перамогі ў Менску пакуль не адмянілі, насуперак рэкамендацыям Сусветнай арганізацыі здароўя. Але ўжо вядома, што кітайскія і расейскія вайскоўцы па менскіх праспектах сёлета маршаваць адмовіліся – каб не было заражэння.

Яшчэ ў нядзелю Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што можа ўвесці любыя абмежаванні, але яшчэ не час.

«Трэба рабіць усё своечасова… Трэба ізаляваць? Будзем ізаляваць. Трэба каранцін? Будзе каранцін. Трэба каменданцкая гадзіна? Увядзем каменданцкую гадзіну», – казаў Лукашэнка жыхарам Нараўлянскага раёну, пераважна пенсіянерам.

Сёння ж кіраўнік Беларусі на адмысловым паседжанні загадаў міністрам узмацніць кантроль над замежнай гуманітарнай дапамогай. Лукашэнка заявіў, што ў свой час на «гуманітарцы» вырасла апазіцыя, і цяпер ні капейкі не мусіць пайсці на дэструктыўную дзейнасць.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»