Медыкі засталіся без абяцанай прэміі

Медыкі рызыкуюць здароўем і жыццём, дапамагаючы хворым на «Ковід-19». Не адразу, але ўлады пастанавілі ацаніць працу медперсаналу і прызначылі ім надбаўкі. Вось толькі абяцаных грошай шмат хто з медыкаў не пабачыў. Учора ў Бабруйску і Жодзіне, а сёння ў Барысаве ды Гарадцы медперсанал не стаў замоўчваць праблемы. Ці чакаць лекарскіх бунтаў? – высвятляў Аляксандр Папко.

Замест соцень долараў за небяспечную працу атрымалі капейкі. Медыкі раённай больніцы Барысава паскардзіліся журналістам. Каб атрымаць надбаўку за працу з інфікаванымі каронавірусам пацыентамі, лекары мусяць дакументальна пацвердзіць літаральна кожную хвіліну працы з імі. А ў шпіталі селішча Гарадзец Рагачоўскага раёну прэміяў не атрымалі ўвогуле.

«Што датычыць майго доктара, маёй дачкі, то яна працуе з заражанымі, яна працуе з хворымі. Праз яе нават падманным чынам хворыя праходзілі, хлусілі ёй, а потым траплялі ў рэанімацыю і паміралі», – кажа маці маці лекара агульнай практыкі з Гарадца.

Згодна з адкрытымі крыніцамі, у Беларусі ад COVID-19 памерлі 15 медыкаў. Гэта кожны адзінаццаты ад афіцыйнай лічбы памерлых ад каронавіруснай хваробы. Згодна з апошнімі лічбамі Міністэрства аховы здароўя, у краіне налічваецца ўжо больш за 33 тысячы выпадкаў інфекцыі. Памерлі 175 чалавек. Дзясяткі працаўнікоў Бабруйскай больніцы хуткай дапамогі выйшлі на стыхійны мітынг. Абураныя мізэрнымі прэміяльнымі медыкі напісалі ліст да Аляксандра Лукашэнкі. У адказ прыехалі журналісты дзяржаўнага тэлебачання і пачалі браць каментар у тых, хто грошы атрымаў.

«Крыўдна! Гэта бязмежжа! Ува ўсіх больніцах сапраўды гэтак жа! Я ўпэўненая: і інфекцыйная больніца не атрымлівае таго, і менчукі, я ўпэўненая, не ўсе атрымліваюць. Ніхто ж не прэтэндуе на 5 тысяч, якія абяцалі!» – кажа адна з медыкаў бабруйскай больніцы.

Да 4 тысяч рублёў на месяц дактарам, якія працуюць з «ковіднымі» хворымі, паабяцаў указ Аляксандра Лукашэнкі ад 16 красавіка. Але ўжо праз 2 тыдні Міністэрства аховы здароўя апублікавала тлумачэнне. Грошы выдадуць за «фактычна адпрацаваны час». Каму колькі даць – у кожнай лякарні павінна вырашыць камісія.

«Яшчэ раз: усе звароты, калі ласка, да прэс-сакратара Міністэрства аховы здароўя».

Да Міністэрства аховы здароўя адсылае і кіраўнік Менскай станцыі хуткай дапамогі Аляксандр Жынко. Ён забараніў карыстацца бясплатнымі абедамі, якімі медыкаў частуе мясцовы «Макдоналдс». Рэстаран паабяцаў вазіць ежу сам.

На абурэнне медработнікаў у Бабруйску адрэагаваў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік. Парушэнняў у выплаце прэміяў за барацьбу з каронавірусам ён не знайшоў.

Аляксандр Папко, «Белсат»

Глядзі таксама