Маці 328 пра змены ў «наркатычным» артыкуле: «Улады нас зноў падманулі»


Пасля паўгода дыскусіяў, сустрэчаў і пратэстаў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў унеслі змены ў «наркатычны артыкул». У двух з пяці частак артыкулу 328 ніжнюю мяжу адказнасці зменшылі на 2 гады. Ініцыятаркі дыскусіі з уладамі называюць гэтую захаду сімвалічнаю.

Мінуў трэці дзень галадавання ў групы жанчын, якія дамагаюцца перагляду справаў сваіх дзяцей.

«Сядзяць у асноўным добрыя дзеці, адукаваныя. Там каля 70% дзяцей «з універсітэтамі», – распавядае Людміла Кулініч, галадоўніца, Рух маці 328.

Палата прадстаўнікоў у другім чытанні прыняла папраўкі ў асабліва цяжкі (што відаць па тэрмінах) «наркатычны» артыкул.

Колькасць гадоў зняволення паводле артыкулу 328:

Частка 1. Без мэты збыту: 2-5

Частка 2. З мэтаю збыту: 5-8 (будзе 3-8)

Частка 3. Службовая асоба ці група: 8-15 (будзе 6-8)

Частка 4. Арганізаваная група: 10-20

Частка 5. Давядзенне да смерці: 12-20

На 2 гады апусцілі ніжні парог у другой і трэцяй яго частках. Жанчыны з «Матчынага руху 328» дамагаюцца аслаблення санкцыяў удвая і адзначаюць:

«Зніжэнне планкі ніжняга тэрміну не кранецца анікога. Верхняя планка ж не змянілася. Суды выносяць рашэнні найчасцей паводле верхняй планкі. Таму тое, што яны скінулі гэтую ніжнюю планку, – нуль зменаў. Нас улады зноў падманулі», – гаворыць галадоўніца Ала Берналь, Рух маці 328.

Уплывалі на рашэнне міністэрствы юстыцыі, здароўя, адукацыі і ўнутраных справаў. Дэпартамент выканання пакаранняў, Следчы камітэт, Генпракуратура і Палата прадстаўнікоў. Ініцыятаркі змякчэння крымінальнай адказнасці ліставалі, скардзіліся, пратэставалі, ездзілі на сустрэчы з чыноўнікамі… Некаторыя з іх – на баку жанчын.

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая:

«Калі мы кажам пра школьнікаў, мы мусім памятаць, што гэта нашае будучае пакаленне. Таму мы мусім жорстка кваліфікаваць усе прыкметы складу злачынства. Тут безумоўна трэба змяняць практыку і прыбіраць такую фармулёўку як«намер на збыт».

Жорстка караць, цытата, «за наркату» загадаў кіраўнік краіны.

«У нас на суд у якасці сведкі прыходзіць аператыўны працаўнік. Ён працуе на суд, на ўлады. Але ніхто не звяртае ўвагу на тое, чаму гэты чалавек пачаў ужываць», – распавядае Ала Бярналь, галадоўніца, Рух маці 328.

Моладзь уваходзіць у свет наркотыкаў з вуліцы. Рэкламаю спайсаў, спідаў і іншых рэчываў стракаціць гарадская інфраструктура. Таму ўдзельніца Матчынага руху Святлана Лаўрыненка заклікае:

«Дарагія матулі, мы вас любім, зразумейце нас правільна, мы супраць наркотыкаў! Беражыце сваіх дзяцей, бо дагэтуль ідуць наркотыкі – кілаграм за кілаграмам».

Тыя, хто завозіць наркотыкі, у навінавыя стужкі МУС трапляюць рэдка.

«Чыноўнікі выбралі толькі 2 і 3 часткі артыкулу 328. А што з ч. 4 і ч. 5? Па вялікім рахунку «наркабарыгаў» па гэтых частках за кратамі няма. Толькі звычайныя спажыўцы», – гаворыць праваабаронца Станіслаў Цыбінскі.

Гэтаксама толькі першыя тры часткі «наркаартыкулу» трапілі ў амністыйны спіс. Тэрміны зняволення паменшаць на год дарослым асобам і на два – няпоўнагадовым. Але і там – паводле індывідуальнага падыходу…

«Паводле артыкулу чалавек падпадае пад амністыю, але могуць сказаць «парушаў умовы ўтрымання і так далей і таму падобнае. Такі падыход індывідуальны можа правакаваць нашых начальнікаў папраўчых установаў часам зводзіць асабістыя рахункі», – гаворыць Алена Анісім, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў.

Галадоўніцы прасілі амністыі ўсіх без выключэння няпоўнагадовых, зняволеных на доўгія гады паводле першых чатырох частак 328 артыкулу.

Больш за год усяляк дамагаюцца сустрэчы з кіраўніком краіны. Галадоўку аб’явілі бестэрміноваю.

Кажа Людміла Кулініч, галадоўніца, Рух маці 328:

«Я хачу паглядзець Аляксандру Рыгоравічу ў вочы і спытаць: «Як прэзідэнт Беларусі дапусціў, што больш чым 17 тысячаў дзяцей сядзяць за кратамі, а не на волі?» Гэта ж ён дапусціў гэта!»

Юлія Цяльпук, belsat.eu