Масква патрабуе палітычнай інтэграцыі


Масква дамагаецца ад Беларусі не толькі эканамічнай, але і палітычнай інтэграцыі. Як і калі стварыць новыя органы палітычнай і эканамічнай улады, апісвае адна з трох дзясяткаў дарожных мапаў, якія абмяркоўваюць Менск і Масква.

Нарэшце прызналіся: планы паглыблення інтэграцыі, якія называюць дарожнымі мапамі, датычаць не толькі эканомікі, але і палітыкі. Сярод 31 дакументу, вакол якіх вядуць перамовы Менск і Масква, адзін апісвае, як стварыць органы ўлады, вышэйшыя за нацыянальныя.

«Менск спадзяецца ўсё-такі адбіцца ад гэтых патрабаванняў. Ён спадзяецца, што ў выніку перамоваў стварэння наднацыянальных органаў не будзе. І сёння пазіцыя афіцыйнага Менску даволі цвёрдая: дабіцца, каб гэтага не было», – тлумачыць палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Куды вядзе 31-ая дарожная мапа? Расейскі прэм’ер Дзмітрый Мядзведзеў днямі заявіў, што дакумент – гэта план увядзення супольнае валюты. Аляксандр Лукашэнка падаў іншыя звесткі:

«Гэта план будаўніцтва наднацыянальных органаў. Парламент, магчыма, прэзідэнт будзе, і гэтак далей. Мы наагул на гэтую тэму дамовіліся не гаварыць з Пуціным».

Аднак мапу «падсоўвае» не прэзідэнт, а расейскі ўрад – паскардзіўся ў нядаўнім інтэрвʼю радыё «Эхо Москвы» Аляксандр Лукашэнка. Розніцы ў поглядах на інтэграцыю паміж Мядзведзевым і Пуціным няма – пракаментаваў прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў.

«Там ідзе гаворка пра саюзны ўрад, пра саюзны парламент, пра агульны эмісійны цэнтр ці дзяржаўны банк», – мяркуе філосаф Уладзімір Мацкевіч.

Ці хацелі б вы, каб такі цэнтр быў створаны, а разам з ім – супольная з Расеяй валюта? Меркаванні жыхароў Бабруйску:

«Адзіная валюта – гэта значыць, што незалежнасці Беларусі капец! Я не падтрымліваю».

«Гэта будзе згуба нашай краіны і тых рэшткаў суверэнітэту, якія мы маем».

«Расейскі рубель – гэта рубель! Калі прыгадаць, што было раней, ён заўсёды быў больш стабільны за беларускі!»

«Мне без розніцы! Абы за гэтыя грошы можна было жыць, а не атрымліваць, як у Мазамбіку, а плаціць, як у Амерыцы!»

«Канечне, падтрымліваем! Будзе лепш і разлічвацца, і трапіць у Расею!»

«Расея – гэта Расея. Беларусь – гэта Беларусь. Савецкі Саюз разваліўся шмат гадоў таму, і яго паўторнае абʼяднанне не падтрымліваю».

Супольная валюта, Канстытуцыя, суд і парламент былі прапісаныя ў дамове аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, ратыфікаванай 20 гадоў таму. У жніўні 2002 года Уладзімір Пуцін нават запрапанаваў жорсткі графік выканання ўгоды.

«У траўні наступнага года можна было б правесці рэферэндум у пытанні канчатковага аб’яднання. У снежні 2003 года можна было б правесці выбары ў супольны парламент, а ўвесну 2004 года правесці выбары агульнага кіраўніка дзяржавы», – заявіў тады расейскі прэзідэнт.

Кіраўнік Беларусі страціць суверэнітэт, а разам з ім уладу не хацеў, таму саюзная дамова засталася на паперы. Ці застануцца на паперы дарожныя мапы?

«Яны больш канкрэтныя дакументы, звязаныя з працаю пэўных міністэрстваў, з прыняццем пэўных заканадаўчых актаў. Яны не агульныя палітычныя дэкларацыі і звязаныя з сінхранізацыяй заканадаўства. Таму я не ўяўляю, як іх можна не выконваць», – кажа Віталь Цыганкоў.

Што адбудзецца, калі Менск адмовіцца выканаць палітычную дарожную мапу, а выканае толькі эканамічныя?

«Калі нават частка з іх будзе выкананая, то адбудзецца пэўная страта, уразанне суверэнітэту. Гэта перадача Расеі пэўных паўнамоцтваў, каб яна кіравала беларускай эканомікай», – сцвярджае Уладзімір Мацкевіч.

Выкананне мапаў зробіць інтэграцыю незваротнаю – пацвердзіў нядаўна расейскі прэмʼер. Даты іх падпісання ані Менск, ані Масква пакуль не падаюць.

Аляксандр Папко belsat.eu

Фота: SPUTNIK / Reuters / Forum