Масква падвышае кошты на энергарэсурсы, Менск патрабуе за гэта кампенсацыі


Ажно тры сустрэчы высокапастаўленых чыноўнікаў Расеі ды Беларусі цягам найбліжэйшых 10 дзён. Прадмет дыпламатычных баталіяў класічны – цана на энергарэсурсы. За якія формулы і мільярды субсідыяў змагаюцца Менск і Крэмль?

Не ўвайсці з неразвязанымі праблемамі ў новы год – такую задачу Аляксандр Лукашэнка паставіў перад камандаю перамоўнікаў аб нафтагазавых пытаннях. Найбліжэйшы тыдзень ім давядзецца напружана папрацаваць.

«У панядзелак-аўторак у расейскім урадзе на ўзроўні Козака і Ляшэнкі абмяркоўваюцца праблемныя пытанні, у тым ліку – аб падатковым манеўры… Перш за ўсё аб падатковым манеўры. У чацвер – паседжанне саюзнага Саўміну пад старшынствам Дзмітрыя Анатольевіча Мядзведзева – яны таксама разглядаюць гэтыя пытанні. А на наступным тыдні мы сустракаемся з прэзідэнтам Расеі», – гаворыць кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Менск будзе дамагацца ад Масквы кампенсацыі стратаў за павышэнне коштаў нафты. Падаражэнне адбудзецца ў выніку гэтак званага падатковага манеўру Крамля. Намеснік міністра фінансаў Беларусі нядаўна ацаніў страты на 10 мільярдаў долараў.

«Я думаю, Расейская Федэрацыя часткова гэта скампенсуе. Магчыма, будуць вылучаныя крэдытныя рэсурсы ці нейкія іншыя варыянты – больш празрыстыя, каб ніхто нікога ні ў чым не абвінавачваў», – разважае Дзмітрый Балкунец, эканаміст, Масква.

Але нафта – далёка не адзіная тэма вострых дэбатаў, пра што Аляксандр Лукашэнка даў зразумець учора на саміце ЕАЭС у Пецярбургу.

«Мы маем горшыя ўмовы за Нямеччыну. Я ўжо пра гэта неаднаразова казаў. Быццам ваявалі супраць Нямеччыны разам, а нашыя людзі, якія яшчэ не памерлі пасля вайны, маюць такую сітуацыю. Яны маюць 200 долараў, а мы 130, бо туды яшчэ 3000 кіламетраў пампаваць трэба!» – каментуе кіраўнік Беларусі.

Дакладней, 129 долараў за тысячу кубаметраў. Несправядліва – лічыць кіраўнік Беларусі ды прапануе свой кошт – 70 долараў. Маўляў, столькі ж плоцяць у Смаленску. Ягоны расейскі калега нагадвае, што рынкавая цана газу – 200 долараў. Эканамічны аглядальнік Станіслаў Івашкевіч:

«Сапраўды, гэта праблема ў адзінай эканамічнай прасторы – калі няма ва ўладаў Беларусі магчымасці скампенсаваць страту расейскай газавай датацыі нейкім мытам на імпарт. Але варта дадаць, што расейская цана на газ найніжэйшая».

Гісторыя эканамічнай інтэграцыі Расеі ды Беларусі – гэта шэраг напружаных перамоваў вакол цэнаў на энерганосьбіты ды канфліктаў, калі бакі абвінавачвалі адзін аднаго ў невыкананні дамоваў і нават перакрывалі трубаправоды. Паводле МВФ, на энергетычныя субсідыі для Беларусі за апошняе дзесяцігоддзе Расея выдала каля 100 мільярдаў долараў. Але апытаныя намі расейцы зусім не супраць даваць зніжкі Менску:

«Павінная! Раз маем саюзную дзяржаву!»

«Павінныя, бо сяброў не так шмат у жыцці засталося».

«Я лічу, што мы павінныя ў іншым кірунку рухацца – падтрымліваць свой народ і парадкі наводзіць у сваёй краіне».

«Вядома, павінныя! Беларусы – гэта нам не вораг, а наш сябра, блізкая нам краіна».

«Усе гэтыя субсідыі, якія адправілі на вонкавую палітыку, на ўнутраную палітыку нядрэнна б скіраваць!»

«А калі мы адмовімся, то з-за акіяну туды прыйдуць, як цяпер у Прыбалтыку».

«У нас з блізкага замежжа хто яшчэ застаецца? Беларусы! А за Украіну давядзецца яшчэ змагацца нам!»

Пакласці канец усім канфліктам мае стварэнне агульнага энергетычнага рынку. Засталося ўсяго нічога – пачакаць да 2025-га. Але спачатку Крэмль патрабуе стварыць адзіны рынак электраэнергіі, на якім, найверагодней, будуць дамінаваць расейскія кампаніі.

«Плюс ёсць шэраг іншых патрабаванняў, якія ёсць цяпер і несумненна ўзнікнуць перад 2025 годам – у справе здачы суверэнітэту краінаў пад кантроль наднацыянальных еўразійскіх органаў, якія Беларусь наўрад ці будзе гатовая выканаць», – тлумачыць Станіслаў Івашкевіч.

Вастрыня спрэчак вакол цэнаў на газ або нафту сведчыць не столькі пра палітычныя стасункі Менску і Масквы, колькі пра стан беларускай эканомікі – кажуць каментатары. Дзясяткі гадоў бесперапыннага гандлявання з Расеяй не матывавалі ўлады Беларусі зменшыць залежнасць ад яе ды зрабіць нашыя заводы здольнымі выжыць пры сусветных коштах энергарэсурсаў.

Аляксандр Папко, belsat.eu