Масавае захворванне студэнтаў у інтэрнаце БДУ

Прэс-служба Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту абвяргае інфармацыю пра кішачную палачку ў сталовай і масавае атручванне студэнтаў ваеннага факультэту. Кажуць пра некалькі выпадкаў іншай хваробы. Звесткі пра інцыдэнт раней разышліся праз сацыяльныя сеткі і выклікалі трывогу і ў студэнтаў, і ў бацькоў.

Інтэрнат нумар 7 Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту. Тыдзень таму студэнтаў ваеннага факультэту, якія жывуць тут, шпіталізавалі з сімптомамі вострай кішэчнай інфекцыі – тэмпературай і ванітамі. Пра інцыдэнт паведаміў тэлеграм-канал «Отчислено». Крыніцай заразы ён назваў вось гэтую студэнцкую сталоўню.

Тэлеграм-канал «Отчислено»:

«У сталовай БДУ № 5 (Кастрычніцкая 4а) знайшлі кішэчную палачку. Адразу заўважым, што ніякай афіцыйнай інфармацыі аб гэтым, вядома ж, няма, сітуацыю спрабуюць «замяць» ужо некалькі тыдняў. Аднак на мінулым тыдні з інфекцыяй злеглі каля 40 студэнтаў ваенфаку, якія там харчуюцца».

Сталоўня тут ні пры чым, санэпідэмстанцыя ўзбуджальнікаў хваробы там не знайшла – адказала прэс-служба БДУ. Паводле яе, захварэлі не 40, а 10 студэнтаў, а прычына хваробы – не кішэчная палачка, а занесены ў інтэрнат гэтак званы страўнікавы грып.

Алена Марцулевіч, кіраўніца прэс-службы БДУ:

«Хуткую выклікалі тры разы, для гэтых жа студэнтаў. На наступную раніцу ў больніцу на рэкамендацыю санэпідэмстанцыі былі накіраваныя яшчэ 7 чалавек. Усе яны праз тры дні былі выпісаныя з дыягназам «норавірус», і на гэты момант яны дапушчаныя да навучальнага працэсу, займаюцца ў навучальных групах».

Ці чулі пра масавае захворванне самыя жыхары інтэрнату БДУ № 7?

«Жыву ў гэтым інтэрнаце, але нічога пра гэта не чуў».

«Нічога не ведаю, нічога не чула».

«Ані з боку кіраўніцтва, ані з боку жыхароў нічога не чула».

«Так, дастаткова вялікая колькасць хлопцаў з вайсковага факультэта звярнулася ў «хуткую», ім аказвалі дапамогу ў сувязі з атручваннем. Шмат каго з іх адвезлі ў інфекцыйнае аддзяленне. Нам сказалі апрацаваць пакоі спецыяльным сродкам, усё акуратна памыць, каб не заразіцца».

Норавірус надзвычай заразны, бо перадаецца паветраным шляхам. Але, падобна да кішэчнай палачкі ды іншых хваробатворных бактэрыяў, ён жыве на паверхнях, да якіх дакранаецца хворы чалавек.

«Абедзве гэтыя хваробы – гэта хваробы брудных рук, бруднага посуду і брудных памяшканняў», – тлумачыць лекар Уладзімір Пруднікаў.

Адказаць, хто вінаваты ў захворванні студэнтаў – выпадковы вірус ці сталоўня, – можа Менскі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Аднак ён ад каментароў устрымліваецца. Што трэба рабіць студэнтам, каб не падхапіць кішэчнай інфекцыі?

«Трэба не ленавацца ў інтэрнаце прыбіраць уласныя пакоі, прыбіраць кухню, рэгулярна перамываць посуд, карыстацца індывідуальным посудам у інтэрнаце», – дадае лекар Уладзімір Пруднікаў.

Трэба памятаць і пра іншыя правілы гігіены, якія падаюцца не настолькі відавочнымі. Медыкі нагадваюць: не дакранайцеся да ежы пасля кантакту з найбольш бруднымі рэчамі штодзённага ўжытку. Да іх адносяцца не толькі грошы, але і банкаўскія карткі, клавіятуры камп’ютараў і нашыя мабільныя тэлефоны.

Аляксандр Папко belsat.eu

Глядзі таксама