Макрон прадставіць план рэакцыі дзяржавы на пратэст «жоўтых камізэлек»


Сёння прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон звернецца да нацыі, каб прадставіць план захадаў, якія супакояць сітуацыю ў краіне. Цэлы месяц ва ўсёй Францыі не спыняюцца сацыяльныя пратэсты. Прымусіць пратэстоўцаў разысціся не змог нават гадавы мараторый на падатак на паліва. Хто такія «жоўтыя камізэлькі», якія ў іх патрабаванні, і прычым тут Крэмль – распавядзе Аляксандр Папко.

Пакуль у Элізэйскім палацы – сядзібе прэзідэнта Францыі – на экстранную нараду збіраюцца міністры і лідары прафсаюзаў, парыжскія дворнікі прыбіраюць пабітыя шыбы і рэшткі спаленых аўтамабіляў.

У суботу ў цэнтры гораду прайшлі сутыкненні дэманстрантаў з паліцыяй. Аб вастрыні сутычак сведчаць лічбы – кожны дзясяты з 10-ці тысяч маніфестантаў быў затрыманы. Па ўсёй краіне затрыманых налічваецца 1700.

«Пераважна гэта мужчыны, маладзейшыя за 40 гадоў, раней не былі пад судом, прыехалі з розных рэгіёнаў Францыі – як з захаду, гэтак і з усходу. Сярод іх звяртаюць на сябе ўвагу людзі з ультраправымі і ўльтралевымі поглядамі», – каментуе генеральны пракурор Францыі Рэмі Эйц.

Пратэсты ў Парыжы, Бардо, Тулюзе адзначыліся актамі вандалізму – свет абляцелі кадры спаленых аўтамабіляў, пабітых вітрынаў і разрабаваных крамаў. Тыдзень таму пратэстоўцы нават разграмілі музей пад Трыумфальнай аркай Парыжу.

У суботу ва ўсёй Францыі пратэставалі 136 тысячаў чалавек. За чатыры тыдні ў сутыкненнях былі параненыя 200 паліцыянтаў і каля васьмісот маніфестантаў, чацвёра з іх загінулі. Шмат якія парыжане прызнаюцца, што стаміліся ад сутычак.

«Можна зразумець рух «жоўтых камізэлек», але тое, што адбываецца, – абсалютна недапушчальна. Усё гэта цягнецца ўжо тры тыдні. Мы ўсе нясем страты, і пратэсты настолькі жорсткія, што ніхто ўжо не разумее, што адбываецца і хто за што змагаецца», – кажа Грэгары Карэ, уласнік мэблевай крамы.

Пратэсты «жоўтых камізэлек» успыхнулі ў Францыі 17 лістапада. Зачэпкай для іх сталі планы ўраду павысіць кошты на аўтамабільнае паліва. Чвэрць мільёна чалавек выйшлі на вуліцы гарадоў і заблакавалі аўтастрады. Як кажуць сацыёлагі, тыповыя пратэстоўцы – гэта рабочыя і дробныя службоўцы, пераважна з малых гарадоў.

«Я не ведаю, ці неабходная адстаўка Макрона. Але ён мусіць цалкам змяніць падыход – павысіць заробкі, якія застаюцца вельмі нізкімі, і знізіць падаткі для бедных. Гэта пратэсты людзей з нізкімі даходамі», – каментуе парыжанін Бэртран Крузат’е.

Узровень падаткаабкладання ў Францыі – адзін з самых высокіх у свеце, а даходы насельніцтва, паводле эканамістаў, за 10 гадоў скараціліся на 440 еўраў. Макрон атрымаў гэтыя праблемы ў спадчыну, але не змог пераканаць грамадзянаў, што вырашае іх.

«Няхай жыве Сірыя, няхай жыве Расея!» – крычыць адзін з пратэстоўцаў. На акцыях «жоўтых камізэлек» засвяціўся італьянскі ультраправы актывіст Люка Марсэлля і французскія прыхільнікі Уладзіміра Пуціна Фабрыс Сарлян і Ксавіе Маро.

Парыж пачаў расследаваць умяшанне Крамля ў пратэсты – заявіў учора міністр замежных справаў Жан-Іў Ле Дрыян. Эксперты выявілі, што інфармацыю пра акцыі грамадзянскага непадпарадкавання распаўсюджваюць 600 тўітар-акаўнтаў, створаных у Расеі. Раней «крамлёўскіх ботаў» абвінавачвалі ў распальванні канфліктаў падчас выбараў у Вялікай Брытаніі ды ЗША.

«Яны спрабуюць такім чынам раскалоць заходнія грамадствы. Як вядома, аб’яднаная Еўропа не ў інтарэсах дыктатараў і імперыяў. Расея спрабуе разбурыць наяўныя палітычныя інстытуты, давер паміж насельніцтвам і палітычнымі элітамі», – тлумачыць Францішак Вячорка, «DIGITAL COMMUNICATION NETWORK».

Францыю чакае цяжкі дыялог дзеля развязання вострага сацыяльнага канфлікту. Крэмль жа называе абвінавачанні яго ў падліванні алею ў французскі агонь «паклёпам».

Аляксандр Папко, belsat.eu

Фота: Laurent Carre / MAXPPP / Vintimille / FORUM