Магілёўскаму тралейбусу 50 гадоў. Ці заменяць іх электробусы?


Тофік Алі-Задэ пераехаў у Беларусь з Азербайджану ў дзевяностых. І ўжо амаль 20 гадоў ён працуе кіроўцам тралейбуса ў Магілёве.

«З дзяцінства была мара працаваць кіроўцам. У мяне і іншыя катэгорыі ёсць, але вось трапілася праца кіроўцам тралейбуса, і я пайшоў», – кажа Тофік Алі-Задэ.

Досвед і стаж дазваляюць Тофіку Алі-Задэ не толькі самому ездзіць на маршруце, але і праводзіць рыхтаванне новых кадраў для тралейбуснага парку.

«Ім не складана кіраваць. Для такога тралейбуса патрэбная вялікая ўвага. Тут вельмі павольная хада. Вельмі павольнае тармажэнне. Вось і ўся розніца. А кіраваць не вельмі складана, галоўнае – ведаць спецчасткі і хуткасць руху. Вось і ўсё», – тлумачыць Тофік Алі-Задэ.

А пачыналася гісторыя электратранспарту ў Магілёве вось з гэтай мадэлі – «ЗІУ-5», якая сёння як рарытэт стаіць на падворку тралейбуснага парку. 19 студзеня 1970 года шэсць такіх тралейбусаў упершыню выйшлі на маршрут Чыгуначны вакзал – пасёлак Куйбышава. За 50 гадоў у Магілёве створана 7 тралейбусных маршрутаў.

Дырэктар Тралейбуснага парку Сяргей Манастырэнка так каментуе сённяшні стан:

«За час існавання тралейбуснага парку, дакладна я не магу сказаць, але каля 2 мільярдаў 100 мільёнаў пасажыраў мы перавезлі. У сённяшні час тралейбусны парк – гэта 114 адзінак і 649 чалавек».

Адзін з перых магілёўскіх тралейбусаў.
Фота: belsat.eu

Каб адзначыць свой 50-гадовы юбілей, 19 студзеня тралейбусны парк выпусціў на маршрут № 2 пяць тралейбусаў са святочным аздабленнем. На бартах – выявы ўсіх пакаленняў тралейбусаў, а ў салоне – улёткі і галасавыя паведамленні з кароткаю гістарычнаю даведкай аб гісторыі магілёўскіх тралейбусаў. Для пасажыраў магілёўскіх тралейбусаў гэта новая інфармацыя, вось што яны кажуць:

«Сёння ў тралейбусе гэтую рэкламу чула. Асабліва падабаюцца электробусы ці як іх, прыгожыя, зручныя. Ну і гэтыя нічога, хоць узімку ў іх халаднавата, але цярпіма».

«Падабаецца. Хутка ходзяць, доўга чакаць не выпадае. Усё добра, але жадаем паляпшаць усё ж такі сэрвіс».

«Цудоўна, толькі не стае кірункаў у бок Мір-2».

Галоўным пытаннем для тралейбуснага парку ў Магілёве застаецца аднаўленне рухомага складу. Пакуль што адбываецца яно вельмі павольна: адна-дзве машыны на год.

«Мы спадзяемся на тое, што прыйдзе час і пачнецца інтэнсіўная замена: усё ж такі самі сабою электробусы дастаткова эканамічная тэхніка, і яна амаль на 40 % больш эканамічная за тралейбус», – каментуе дырэктар Тралейбуснага парку Сяргей Манастырэнка.

Два электробусы, якія ездзяць па магілёўскіх вуліцах, падарыла гораду на 750-годдзе кітайская дэлегацыя з гораду Ху-Нань. І кіраўніцтва парку, і кіроўца тралейбусаў выказваюць пажаданні, каб у горадзе станавілася больш менавіта электробусаў.

Вольга Васільева, «Белсат»